5 сутак арышту і штрафы: у Слуцку прайшлі суды над затрыманымі
5 жніўня ў судзе Слуцка разглядалі справы Віталя Амяльковіча, Уладзіслава Глазкова, Ягора Пятровіча, Дзмітрыя Калюшкіна. Усіх іх затрымалі напярэдадні пасля таго, як гарадскія ўлады сарвалі выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
Найбольшае пакаранне атрымаў Віталь Амяльковіч — 5 сутак арышту. Прычым затрымалі яго, як распавёў случак, праз гадзіну пасля завяршэння акцыі. Амяльковіч выйшаў у краму па прадукты, дзе яго ў чарзе затрымалі два міліцыянты.
Суд над Амяльковічам адбываўся праз Skype. Мужчына расказаў, што ішоў на дазволенае мерапрыемства. Ён не чуў пра забарону ці адмену. Таксама ён падкрэсліў, што яго затрымлвалі мэтанакіраваны, бо пазналі яго як актывіста. Сведка — начальнік Слуцкага РАУС Аляксандр Голікаў пацвердзіў, што ведае Амяльковіча асабіста, бо той з'яўляецца сталым удзельнікам "Слуцкага збройнага чыну" і "яркай асобай".
Яшчэ адным сведкам на судзе быў начальнік аддзела правапарадку Аляксандр Цось. Ён заявіў, што Амяльковіч скандаваў лозунгі на адрас кіраўніка дзяржавы. Паміж затрыманым і міліцыянтам адбыўся цікавы дыялог, які прыводзіць kurjer.info
Амяльковіч: Чаму вы не прадставіліся ў момант затрымання?"
Цось: Я не абавязаны быў вам прадстаўляцца.
Амяльковіч: І апошняе пытанне: у вас сумленне ёсць?
Цось: Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне.
Уладзімір Глазкоў паведаміў, што яго затрымалі, калі ён ішоў з трэніроўкі. Ён заявіў, што не ўдзельнічаў у акцыі. Прысуд — 81 рубель штрафу (3 базавыя велічыні).
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", за ўдзел у пікеце Ціханоўскай суд аштрафаваў іншых затрыманых:
Анатоля Шукарскага — на 81 рубель (3 базавыя),
Вячаслава Мялешку — на 54 рублі (2 базавыя),
Ягора Пятровіча — на 81 рубель (3 базавыя),
Дзмітрыя Калюшкіна — на 81 рубель (3 базавыя),
Максіма Буткевіча — на 81 рубель (3 базавыя),
Уладзіміра Кульбіцкага — на 81 рубель (3 базавыя),
Вадзіма Крэпскага — на 54 рублі (3 базавыя).
Суд над журналісткай газеты "Новы час" Зінаідай Цімошак адклалі на 6 жніўня, бо 5-га міліцыянты перапісалі пратакол затрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.