7 лютага: як праходзіць Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю

Акцыя салідарнасці з Беларуссю / "Радыё Свабода"
Акцыя салідарнасці з Беларуссю / "Радыё Свабода"

7 лютага абвешчана Святланай Ціханоўскай Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю. Ініцыятыву падхапілі розныя краіны, дзе праходзяць акцыі ў падтрымку беларускага народа. Да яе далучыліся і кіраўнікі дзяржаў і чыноўнікі.

Гітанас Наўседа, прэзідэнт Літвы, выказаў словы падтрымкі беларусам у твітары. Ён напісаў, што літоўцы ведаюць, што значыць змагацца за свабоду. І Літва падтрымлівае імкненне беларускай грамадзянскай супольнасці жыць у вольнай краіне.

Прыгожая акцыя салідарнасці з беларускімі пратэстоўцаміпрайшла напярэдадні ў Рызе. Белы, чырвоны і белы прамяні свяціліся над Даўгавай, якую ў нас называюць Заходняй Дзвіной.

З заявай з нагоды "Дня салідарнасці з Беларуссю" выступіла і амбасада ЗША ў Мінску. У ёй гаворыцца, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць беларускі народ у яго імкненні да свабоды і дэмакратыі кожны дзень.

"Злучаныя Штаты будуць працаваць разам з еўрапейскімі партнёрамі, каб падтрымаць тых, хто імкнецца да суверэннай, дэмакратычнай Беларусі, дзе вяршэнствуе закон.

Беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч аднойчы сказала: “Свабода — гэта не хуткае свята, як мы пра тое марылі. Гэта шлях, доўгі шлях”. Якім бы доўгім і пакручастым ні быў гэты шлях, у знак салідарнасці Злучаныя Штаты праходзяць яго разам з народам Беларусі", — піша на сваім сайце амбасада ЗША ў Беларусі.

 Нарвежская кампанія Yara, адзін з найбуйнейшых гульцоў рынку мінеральных угнаенняў і партнёр "Беларуськалія" і БКК, таксама выказалася ў падтрымку беларусаў:

"Yara падтрымлівае народ Беларусі, яго барацьбу за дэмакратыю і асуджае палітычныя рэпрэсіі і звязанае з імі гвалт і турэмнае зняволенне. Правы чалавека павінны выконвацца заўсёды".

Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі напярэдадні ў Кіеве, Бостане, Маскве, Вроцлаве, Гданьску, Санкт-Пецярбургу, Парыжы, Таронта, Эйлаце, Берліне, Сіднэі і іншых гарадах. У Мінску людзі выходзяць на традыцыйныя дваровыя нядзельныя маршы нягледзячы на вялікі мароз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі