820 мінскіх кватэраў засталіся без святла і вады
Іх адключылі за пазыкі па камунальных плацяжах.
820 кватэраў у Мінску засталіся без жыллёва-камунальных паслуг. Такую лічбу назваў гендырэктар ГА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Віталь Смірноў. Прычынай, як пішуць "Мінск-Навіны", стала запазычанасць па аплаце камунальных паслуг.
Спецыяліст падкрэсліў, што ў Мінску расце колькасць даўжнікоў. Так, у сакавіку іх было 4,4% ад агульнай колькасці асабовых рахункаў, а цяпер — 5,5%. Аднак гэтая лічба не канчатковая, адзначыў спецыяліст, бо плацяжы прымаюцца да 25 траўня. Па словах Смірнова, цяпер у сталіцы — 24,5 тысячы асабовых рахункаў з пратэрмінаванай запазычанасцю па аплаце камуналкі, прычым 4125 з іх маюць запазычанасць больш за два месяцы. Смірноў дадаў, што сярод неплацельшчыкаў вырас адсотак працуючага плацежаздольнага насельніцтва.
Дарэчы, ёсць мінчукі, якія не плацяць па "жыроўках" больш за тры гады. Цяпер іх налічваецца ўжо 69 чалавек. Найбольшая іх колькасць — у Заводскім і Партызанскім раёнах сталіцы (17 і 13, адпаведна).
Фотакалаж — minsknews.by