92-гадовы кіраўнік Зімбабве вылучаецца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін
Кіруючая партыя Зімбабве "Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз" (ЗАНС) вылучыла на новы прэзідэнцкі тэрмін дзеючага кіраўніка дзяржавы, 92-гадовага Роберта Мугабе. Моладзевае крыло партыі ЗАНС выступіла з прапановай аб пажыццёвым прэзідэнцтве для Мугабе.
Роберт Мугабе ў сваёй прамове на канферэнцыі партыі заклікаў аднапартыйцаў спыніць канфлікты ўнутры партыі.
На гэтым тыдні выканаўчы сакратар ЗАНС Ігнат Чомбе паведаміў, што партыя вырашыла вылучыць Мугабе на новы прэзідэнцкі тэрмін. Чомбе ахарактарызаваў праўленне Мугабе як прыклад "мудрасці і адзінства".
Мугабе знаходзіцца ва ўладзе ўжо 36 гадоў, з моманту атрымання краінай незалежнасці ад Брытаніі ў 1980 годзе: спачатку на пасадзе прэм'ера, а з 1987 года — прэзідэнта. Апошні раз ён пацвердзіў свой прэзідэнцкі статус на выбарах у 2013 годзе, нягледзячы на заявы аб парушэннях, дапушчаных падчас галасавання.
Раней Мугабе заяўляў, што гатовы кіраваць, пакуль не памрэ. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гатовы выйсці на пенсію, калі такая будзе воля яго партыі. У адрас Мугабе гучаць абвінавачванні ў дыктатуры і прыгнёце апазіцыі, якія ён адмаўляе.
Зімбабве, якая да 1980 года ўваходзіла ў лік самых развітых краін Афрыкі, цяпер лічыцца адной з найбяднейшых дзяржаў свету і знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі. Нароўні з велізарным дэфіцытам бюджэту краіна сутыкнулася з гіперінфляцыяй нацыянальнай валюты, зімбабвійскага долара, перадае ВВС.