Ад сёння беларускія крамы абавязаныя прапаноўваць пакупнікам папяровыя пакеты
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абавязала крамы прапаноўваць пакупнікам папяровыя пакеты. Пастановай №72 ад 2 верасня яны ўключаныя ў асартыментныя пералікі гандлёвых аб'ектаў. 18 верасня дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён набывае моц адразу пасля апублікавання.
У пералікі ўключаныя мяшкі (пакеты) з паперы, а таксама аднаразовы посуд і сталовыя прыборы з паперы. Крамы павінны будуць мець у сваім асартыменце ад аднаго да чатырох найменняў гэтых тавараў, у залежнасці ад памеру гандлёвага аб'екта.
Адначасова зніжаецца патрабаванне па поліэтыленавых пакетах і аднаразовым пластыкавым посудзе. Уявіце сабе: раней у буйных беларускіх крамах мусіла абавязкова ляжаць да шасці відаў рознага пластыкавага посуду. Цяпер жа дастаткова аднаго.