Ад удавы Тарайкоўскага патрабуюць заплаціць падатак з сабранай дапамогі

Аляксандр Тарайкоўскі з Аленай і дачкой Насцяй / gazetaby.media
Аляксандр Тарайкоўскі з Аленай і дачкой Насцяй / gazetaby.media

Удава Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў падчас паслявыбарчых пратэстаў, павінна заплаціць падаходны падатак з грошай, якія ёй сабралі дабрачынцы, паведамляе "Салідарнасць".

Шлюб Аляксандра Тарайковского з Аленай Герман не быў зарэгістраваны афіцыйна, але пара гадавала двух дзяўчынак: агульную Насцю і дачку Алены ад першага шлюбу Дар'ю.

Пасля гібелі Тарайкоўскага "людзі з розных краін, у тым ліку і нашы суайчыннікі, сталі пералічваць грашовыя сродкі на мой банкаўскі рахунак", распавядае Алена. Яна падкрэслівае, што не прасіла аб дапамозе. Адкрыць рахунак яе ўгаварылі. Сям'я жыла з заробку Аляксандра, і пасля таго, як ён загінуў, засталася без крыніцы існавання.

"Я бачыла раздрукоўку рахунку: кожны пералічваў колькі мог, хто па пяць рублёў ... людзі зарабілі гэтыя грошы, ніхто ім не даў проста так", — кажа Алена.

Яна мае намер аспрэчыць рашэнне падатковай — падрыхтавала зварот у Мінгарвыканкам і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, у якім просіць вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку. Сваю просьбу тлумачыць тым, што выплата такой вялікай сумы пагоршыць матэрыяльны стан яе сям'і. Яна нагадвае, што СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце забойства яе мужа. Паколькі няма фігурантаў, значыць няма каму прад'явіць пазоў аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратай карміцеля.

Дачцэ Аляксандра Тарайкоўскага ў траўні споўнілася чатыры гады. Толькі нядаўна дзяўчынка навучылася ўспамінаць пра тату без слёз.

Аляксандра Тарайкоўскага забілі падчас паслявыбарчых пратэстаў 10 жніўня каля станцыі метро "Пушкінская". Першапачаткова ў МУС казалі, што ён загінуў пры спробе кінуць нейкі прадмет у сілавікоў, але гэты прадмет выбухнуў у мужчыны ў руках. Аднак пасля публікацыі відэа з месца здарэння, пра гэтую версію вырашылі забыцца. У лютым 2021 года на той момант старшыня СК Антон Наскевіч прызнаў, што ў Тарайкоўскага стралялі сілавікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі