Адкарэктаваны генплан Мінска захоўвае 70% сядзібнай забудовы
14 кастрычніка ў Мінску адбылася прэзентацыя адкарэктаванага генплана сталіцы. На прэзентацыі выступіў галоўны архітэктар УП "Мінскграда" Аляксандр Акенцьеў.
Па словах спецыяліста, якія перадае БелаПАН, новы генплан прадугледжвае, што ў сталіцы знясуць 30% плошчаў сядзібнай забудовы, а 70% пакінуць. Генплан, які дзенічае дагэтуль, прадугледжвае іншую прапорцыю: 70% знесці, а 30% пакінуць.
Акенцьеў удакладніў, што генеральны план "не вызначае кожны дом і кожны раён, лёс кожнага квартала сядзібнай забудовы". Па яго словах, гэтая праца патрабуе дакладнага горадабудаўнічага аналізу і выконваецца на стадыі дэталёвага планавання. У прыватнасці, пра магчымы знос Сельгаспасёлку ў Мінску ён заявіў: "Сёння працуе камісія, і канчатковае рашэнне ў дачыненні да лёсу гэтага раёна будзе прынятае, над гэтым яшчэ ідзе праца".
Спецыяліст кажа, сёння ў Мінску на 22% тэрыторыі знаходзяцца кварталы сядзібнай забудовы, а пражывае там 3,9% жыхароў. "Як правіла, у такіх гарадах, як Мінск, толькі вельмі багатыя гараджане могуць дазволіць сабе пражыванне ў гэтых раёнах. У нас жа шмат у чым небагатыя мінчане ў іх жывуць, і стан дамоў не вельмі добры. Мы прапануем сядзібную забудову весці ў непасрэднай блізкасці да горада", — адзначыў галоўны архітэктар.
Фота: sputnik.by