Пяць дзён без электрычнасці – рэпартаж са сталічнай Сляпянкі
Дзе захоўваць ежу, як зараджаць мабільнікі і прасаваць рэчы?
Адключэнне святла ў Сляпянцы звязанае з рэканструкцыяй лініі перадач. Дамы будуць абясточаныя на вуліцах Авангарднай, Анаева, Баграціёна, Бумажкова, Кубанскай, Перадавой, Уральскай, Таварыскім завулку і завулку Баграціёна. Гэта прыватны сектар, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, а навіны распаўсюджваюцца хутчэй, чым у інтэрнэце.
Жыхар вуліцы Баграціёна Аляксей жыве з жонкай і маці. Да адключэння святла не рыхтаваліся. Кажуць, што, магчыма, возьмуць электрагенератар ў арэнду.
"Я паўгода таму даведваўся, колькі каштуе генератар. Ад 100 тысяч за суткі На пяць дзён. Гэта паўмільёна. Хто нам гэтыя грошы пакрые? Ніхто!" — уздыхае Аляксей. Кажа, што будзе ладзіць жонцы вячэры пры свечках, а мабільнік зараджаць ў машыне. Таксама рамантыка. Пакуль электрычнасць яшчэ не адключылі, хоць і абяцалі.
Наталля таксама жыве на вуліцы Баграціёна, некалькі дзён перад адключэннем жанчына актыўна разгружала халадзільнік, прала і прасавала.
"Ну, мы ж людзі дарослыя, можам патрываць. З маразільніка частку ежы аднесла на працу, я на заводзе працую, там ёсць маразільная камера. Мабільнікі таксама будзем на працы зараджаць. Увечары тэлевізар не паглядзім, ну і што..." — Наталля кажа, што знайсці занятак на прысядзібным участку — не праблема, там заўсёды ёсць праца. А лінію электраперадач, па словах Наталлі, даўно пара мяняць.
"Напругі няма — узімку святло вельмі дрэннае, амаль у прыцемку сядзім. Часам тэлевізар адключаўся. Дарэчы, тэлевізар у нас, напэўна, з-за гэтага і зламаўся. Года не прайшло, як новы купілі, а ўжо адвезлі майстру. Усе гэтыя новыя прыборы такія далікатныя, напружанне скача — ламаюцца", — наракае гаспадыня.
Рэканструкцыя ліній электраперадач — гэта, безумоўна, выдатна. Але Наталля збянтэжана выказвае перасцярогі, маўляў, рэканструкцыя можа зацягнуцца:
"Ужо панядзелак, а святло ёсць. Слупы новыя вось валяюцца, ніхто не адключае святло".
Максім з жонкай, братам і яго сям'ёй пераязджаюць на дачу. У доме ёсць маленькія дзеці — ім пастаянна нешта трэба праць і гладзіць, таму і вырашылі на час перабрацца за горад.
"Дзяўчына, а калі ў нас святло адключаць? Даўно час мяняць гэтыя слупы, так і глядзі — паваляцца. Я не супраць адключэння", — кажа Максім.
За тое, што рэканструкцыя можа зацягнуцца, перажываюць ўсе жыхары Сляпянкі. Таццяна жыве па суседстве з братам на вуліцы Уральскай — тут таксама будзе праходзіць рэканструкцыя. Толькі вось калі?
"У мяне дачка ўчора ўвесь дзень прала і прасавала. Сёння ўстала ў палове на сёмую і таксама пачала праць. Галоўнае, каб гэта не зацягнулася ўсё на гады!" — перажывае Таццяна і пстрыкае выключальнікам — святло ёсць.
"А памыцца як? У нас жа бойлер працуе ад электрычнасці. Халодная вада ёсць, але гарачай няма. А прасаванне? Як напрасаваць на тыдзень! Да таго, ж 20-га ў мяне Дзень нараджэння. Напэўна, прыйдзецца пераносіць. Калі яны цяпер са спазненнем адключаюць святло, значыць, і там зацягнецца", — Таццяна не паказвае выгляду, што перажывае, але гэта і так бачна. Усё замарожанае мяса гаспадыня ўжо аднесла да суседзяў.
Яе брат Уладзімір "глабальнае" адключэнне Сляпянкі ад святла ўспрымае з гумарам.
"А што тут перажываць. Галоўнае, каб муж з жонкай асцярожна спаў, каб дзяцей не было. Жылі ж нашы бацькі без святла. Толькі дзяцей шмат было. А ўсё чаму? Таму што не было электрычнасці!" — кажа Уладзімір і тут жа пераходзіць на сур'ёзных лад.
"...Толькі за пяць дзён яны не справяцца. Каб усё зрабіць за тыдзень, трэба было неяк падрыхтавацца, канаўкі для электраслупоў вырыць. А так, і старыя слупы стаяць, і новыя побач ляжаць. Не справяцца", — заключае Уладзімір.
На вуліцах Баграціёна, Уральскай, Кубанскай, Анаева электрычнасць яшчэ ёсць — недзе побач віскоча электрапіла, працуюць пралкі. І старыя электрычныя слупы яшчэ не прыбралі. Побач ляжаць новыя бетонныя. А вось вуліцу Пераходную рабочыя ўжо пачалі адключаць і перападключаць.
Марына жыве на вуліцы Пераходнай — акурат з раніцы святло прапала. Суседзі арандавалі электрагенератар і ён трашчыць на ўсю акругу.
"Галоўнае, каб не на даўжэй, чым на пяць дзён адключылі святло", — як заклён паўтараюць усе жыхары Сляпянкі.
На гэтай вуліцы акурат ідуць працы па адключэнні дамоў ад электрычнасці. Пытаюся, ці паспеюць працоўныя адключыць і перападключыць усе дамы, а іх пад сотню. Інжынер электрасетак прадставіцца мне адмаўляецца, але абяцае ўкласціся ў тэрміны.
"Мы пастараемся і раней справіцца. Не панікуйце раней часу".