Адміністрацыя магілёўскай школы адмаўляе здарэнне з дошкай
Тым часам вучні пацвярджаюць факт, але кажуць, што значных траўмаў не было.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў пятніцу ў магілёўскай школе №32. Класная дошка звалілася на чатырох пяцікласніц. Настаўнікі тэлефанавалі некаторым бацькам, каб тыя самі завезлі дзяцей да лекараў.
Еўрарадыё дазванілася да кіраўніцтва школы. Лілія Ступакова, намесніца дырэктара школы №32, катэгарычна абвергла здарэнне:
Ступакова: “Дошка не ўпала, і ў бальніцы з нашых вучняў ніхто не знаходзіцца. Абсалютна ўсе дзеці жывыя-здаровыя. Ніякага падзення дошкі ва ўсялякім разе не было”.
Тым часам самі школьнікі пацвярджаюць: здарэнне было.
“Упала дошка сёння на трэцім уроку. Трымалася яна, мякка кажучы, "на саплях", — паведамляе Еўрарадыё адна з вучаніц дзявятага класа. ― Дзвюх дзяўчынак стукнула па руках. Яны сядзелі пасля і лёд прыкладалі, у асноўным да рук. Моцных траўмаў няма”.
Фота — 4freephotos.com