Адвакат падаў апеляцыю на прысуд "хлопцу з бензапілой"

Адвакат падаў апеляцыю на прысуд "хлопцу з бензапілой"

У Вярхоўны суд паступіла паеляцыйная скарга на прысуд "хлопцу з бензапілой" — Уладзіславу Казакевічу. Папярэдні прысуд яму вынес Мінгарсуд. Скаргу ўвечары 10 сакавіка падаў адвакат Казакевіча, інфармуе БЕЛТА са словаў памочніка старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасіі Шыльвян.

Дата судовага разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе пакуль не прызначаная.

Як паведамлялася раней, 8 кастрычніка 2016 года малады чалавек з бензапілой і сякерай прыйшоў у гандлёвы цэнтр "Новая Еўропа". Ён беспрычынна напаў на навакольных. Пры гэтым 43-гадовая супрацоўніца цэнтра загінула, а яшчэ дзве жанчыны атрымалі траўмы. 

Судовы працэс над Казакевічам быў адкрыты. З улікам таго, што на момант здзяйснення злачынства яму не было 18 гадоў, Мінгарсуд прызначыў яму максімальна магчымае пакаранне — 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Хлопца прызналі вінаватым у падрыхтоўцы да забойства дзвюх і больш асоб, замаху на забойства дзвюх і больш асоб, забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў, а таксама хуліганстве. На судзе Казакевіч цалкам прызнаў сваю віну, але не пакаяўся і заявіў, што працягне сваю справу пасля таго, як выйдзе на волю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі