Зміцер Дашкевіч лічыць, што супраць "хлопца з бензапілой" зладзілі правакацыю
Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч у Фэйсбуку пракаментаваў новы суд над Уладзіславам Казакевічам — "хлопцам з бензапілой".
Як паведамляла Еўрарадыё, другі суд над Уладзіславам Казакевічам пачаўся сёння ў Магілёве. Яго судзяць за напад з нажом на ахоўніка ў шклоўскай калоніі №17, падчас якога ахоўнік быў паранены ў галаву.
У калоніі Казакевіч апынуўся за напад з бензапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтра "Еўропа" ў Мінску, што адбылося ў кастрычніку 2016 года. Як непаўналетні на момант здзяйснення злачынства ён быў асуджаны на 15-гадовы тэрмін зняволення. На судзе бацькі заяўлялі пра псіхічную хваробу сына, але медэкспертыза не пагадзілася з такім меркаваннем.
За новы напад Казакевічу пагражае пажыццёвае зняволенне.
Дашкевіч лічыць, што ў гэтай гісторыі не абышлося без правакацыі — магчыма, з боку адміністрацыі калоніі.
"Год адзінаццаць таму два зэкі шклоўскай калоніі заламвалі мяне, каб заліць мне у зяпу самагонкі. Правакацыя не вельмі атрымалася, бо на прамзоне я круціў бярвенні, а пасля шчэ накладваў на штангу бліны і мучыў турнік )) Так, расквасілі вусны ды паабліваліся ўсе. Але ўяўляю, якая была б у калоніі радасць і якія прыгожыя навіны далі б БТ і Саўбелія: "Рэлігійны фанатык Дашкевіч у шклоўскай калоніі №17 напіўся самагону", "Ультраправы радыкал Дашкевіч напіўся ў калоніі №17 і збіў двух нявінных зэкаў. Дашкевіча чакае новы суд".
Пра інцыдэнт ніхто не ведаў ні тады, ні цяпер. Але зараз узгадалася праз навіны пра Улада Казакевіча, якога пачалі судзіць быццам бы за спробу забойства начальства калоніі №17. (Таго самага, відаць, начальства, якое спрабавала ў 2007-м пачаставаць мяне самым дарагім са сваіх сейфаў.) Хвораму чалавеку далі ў рукі заточку, каб потым прыйсці са шмонам і за гэтую заточку пасадзіць на пажыццёвае. Пасля яшчэ якую правакацыю замуцяць — і расстраляюць. Колькі перакатаўся я па калоніях, паўсюль адно і тое ж: блатныя і іншыя зэкі — на службе ў адміністрацыі, і большасць здзейсніць любую правакацыю адносна няўгоднага асуджанага.
І мой зонаўскі досвед сведчыць, што з кожным годам і кожным этапам зона ўсё больш вычварная і жорсткая — рэпрэсіўны каток узмацняецца і шліфуецца пастаянна. Сумняюся, што на гэту сістэму можна неяк паўплываць ці змяніць яе. Гнілое дрэва не можа даваць добрых пладоў — усе галіны ў яго гнілыя. Ратунак адзін: гнілое дрэва ссякаюць і кідаюць у агонь".