Адвакатка Ціханоўскага падала скаргу за публікацыю размовы з кліентам
Як стала вядома Еўрарадыё, Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, падала скаргу ў Генпракуратуру. Нагодай стала з'яўленне ў адкрытым доступе запісаў канфідэнцыйных гутарак Ціханоўскага з адвакаткай.
Мацкевіч падкрэслівае, што запіс такіх гутарак адваката і кліента парушае правы падабароннага, а іх абнародаванне напярэдадні суда — прынцып прэзумпцыі невінаватасці.
Яна просіць праверыць, пры якіх абставінах, кім і з якой мэтай была запісаная размова Ціханоўскага з абаронцай. Таксама яна просіць праверыць, якія чынам запіс трапіў у публічную прастору.
Раней Мацкевіч накіравала адпаведную скаргу Рэспубліканскую калегію адвакатаў, але адказу на свой зварот пакуль не атрымала.
Запіс размовы Ціханоўскага з адвакаткай паказалі ў фільме тэлеканала АНТ, які выйшаў у эфір 28 красавіка і быў прысвечаны "справе пра спробу дзяржперавароту".
У гутарцы з Еўрарадыё Мацкевіч так пракаментавала гэты ўрывак з фільма: "Мая рэакцыя, як і ўсіх нармальных юрыстаў, такая: адвакацкая таямніца непахісная, і канфідэнцыйнасць зносін адваката з кліентам — гэта прававы прынцып, права, якое, па сутнасці, не можа быць абмежавана нічым".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.