У свеце неспакойна: Кітай ушаноўвае Сі, а ў Партугаліі не звоняць пасля шасці

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

На гэтым тыдні ўсе позіркі былі прыкаваныя да беларускай мяжы. Але за гэтай мяжой тым часам адбылося нямала цікавага. Расказваем пра галоўнае.
 

Гуманітарны крызіс

Не, не на мяжы Беларусі і Польшчы — у Афганістане. Чатыры краіны — Расія, Кітай, ЗША і Пакістан — сустрэліся, каб абмеркаваць, як дапамагчы Афганістану. Нядаўна такая сустрэча — толькі без удзелу ЗША — праходзіла ў Маскве.

Якія вынікі гэтым разам? Па-першае, бакі выказалі заклапочанасць. Гэтым, на шчасце, справа не абмежавалася. Па-другое, бакі віталі неадкладнае аказанне міжнароднай супольнасцю гуманітарнай дапамогі Афганістану. Таму што краіна стаіць на мяжы эканамічнага калапсу.

Гэта значыць, што больш за 22 млн чалавек могуць сутыкнуцца з пагрозай голаду.

Ёсць заклікі і да талібаў. Па-першае, ім пара пачаць супрацоўнічаць з іншымі афганцамі і сфармаваць нармальны ўрад, які паважае правы ўсіх людзей. Па-другое, паклапаціцца пра тое, каб па ўсёй краіне функцыянавалі аэрапорты, у якія астатні свет павязе гуманітарную дапамогу.

 

Што будзе, калі на шэсць гадоў даць уладу сацыялістам?

Калі гэта партугальскія сацыялісты, то вашаму працадаўцу забароняць тэлефанаваць вам ці адпраўляць лісты на электронную пошту ў непрацоўны час. Санкцыя за парушэнне гэтага правіла — штраф.

В мире неспокойно: Китай чествует Си, а в Португалии не звонят после шести
Сацыялізм з чалавечым тварам / pixabay

А яшчэ і запатрабуюць, каб у выпадку дыстанцыйнай працы вам пакрывалі выдаткі на перарасход электраэнергіі. Сацыялізм з чалавечым тварам. Праўда, ужо зімой Партугалію чакаюць датэрміновыя выбары, і ці перажыве іх цяперашні ўрад, пакуль незразумела. Але пра гэта мы раскажам вам налета.
 

Час думаць пра новага прэзідэнта

Былы дзяржсакратар пры Дональдзе ТрампеМайк Пампеа — моцна схуднеў за лічаныя месяцы. Гэта справакавала чуткі: ці не збіраецца ён балатавацца ў прэзідэнты? Сам Трамп таксама збіраецца балатавацца. А з ім і Майк Пэнс, экс-віцэ-прэзідэнт. З нецярпеннем чакаем праймерыз рэспубліканцаў!
 

Ніякіх новых правадыроў

У Кітаі пра новых правадыроў думаць не маюць намеру. Сусветныя СМІ абмяркоўваюць "гістарычную рэзалюцыю", якую прынялі ў краіне. Гэта дакумент, які выкладае стагадовую гісторыю партыі, распісвае яе дасягненні і планы на будучыню.

Гэта трэці такі дакумент за ўсю гісторыю партыі. Першую такую рэзалюцыю прыняў Маа Цзэдун у 1945 годзе, другую — Дэн Сяапін у 1981-м.

Заходнія СМІ лічаць, што, раз гэта толькі трэці такі дакумент у гісторыі, яго стварылі, каб паставіць старшыню Сі побач з заснавальнікам партыі Маа.

У 2018 годзе Кітай адмяніў абмежаванне, якое дазваляла старшыні ўзначальваць партыю толькі два тэрміны. Цяпер Сі тэарэтычна можа заставацца ва ўладзе ўсё жыццё.

 

Калі вельмі хочацца падарожнічаць

З розных краін прыходзяць навіны пра каранцін. Але мы раскажам вам пра пінгвіня, якое так хацела падарожнічаць, што дабралася з Антарктыды ў Новую Зеландыю — за тры тысячы кіламетраў.

В мире неспокойно: Китай чествует Си, а в Португалии не звонят после шести
Пінгвін Адэлі / pixabay

Яго знайшлі на пляжы зусім змучаным. Людзі спачатку падумалі, што гэта мяккая цацка, а потым цацка павярнула галаву. У пінгвіна была нястача вагі і абязводжванне. Цяпер яго выходжваюць і кормяць — а потым выпусцяць на бяспечным пляжы далей ад сабак.

Гэтая мілая гісторыя спецыялістаў занепакоіла. Такое падарожжа ў Зеландыю — усяго трэці выпадак у гісторыі. Але прафесар заалогіі Універсітэта Атага Філіп Сэдан сказаў Guardian, што, калі гэта выключэнне стане правілам, навукоўцам трэба будзе высветліць, якія змены адбыліся ў акіяне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі