Афіцэр-памежнік загінуў з-за траўмы, якую спачатку не палічылі сур’ёзнай

Неправераныя звесткі пра гібель памежніка ўскалыхнулі інтэрнэт 7 кастрычніка. На жаль, гэта трагічная інфармацыя пацвердзілася. Афіцэр Андрэй Навіцкі памёр 2 кастрычніка.

У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта Еўрарадыё запэўніваюць, што смерць іх супрацоўніка не звязана з вучэннямі “Захад-2013”.

“Ён выконваў задачу па ахове мяжы, ― дае інфармацыю Аляксандр Цішчанка, кіраўнік прэс-службы ДПК Беларусі. ― Тое, што прафесія памежніка і кожнага ваеннаслужачага патэнцыйна звязана з пэўнай рызыкай ― гэта было заўсёды. У дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра траўму, якая ў наступным завяршылася трагічным сыходам. Тое, што наш супрацоўнік загінуў ― гэта надзвычай цяжкая сітуацыя. Ён у сувязі з падзеннем пашкодзіў мышачныя тканкі. Першапачаткова гэта траўма не лічылася такой ужо праблемнай. Але лячэнне не пайшло так, як было запланавана. Арганізм адрэагаваў індывідуальна, не справіўся. Няцяжкая, як падавалася, траўма прывяла да смерці”.

На ўзроўні чутак гродзенскія наведвальнікі інтэрнэт-форумаў выказваліся, што памежнік упаў з дрэва, а здарылася гэта акурат падчас вучэнняў “Захад-2013”. Якраз у гэтыя даты вучэнні праводзіліся на Гожскім палігоне пад Гродна.

У кожным разе смерць Андрэя Навіцкага выклікае пытанні. Калі лячэнне не пайшло па плане, значыцца ― маглі быць і нечыя ракавыя памылкі, якія да гэтага прывялі. У трагічным выпадку сёння разбіраюцца следчыя.

Блізкія Андрэя, даведаўшыся пра здарэнне, так і не пабачылі яго жывым. Іх не пусцілі ў палату.

“Як нам кажуць, няшчасны выпадак здарыўся 23 верасня. Што там канкрэтна здарылася, ніхто нічога не паведаміў. Толькі казалі: “Вядзецца следства, вядзецца следства”, — скрозь слёзы паведамляе Наталля, дзяўчына Андрэя Навіцкага. — Спачатку нам сказалі, што жыццю майго любімага чалавека нічога не пагражае… Але праз дзевяць дзён, 2 кастрычніка, ён памёр у рэанімацыі. Нас туды да яго ні разу не пусцілі, ні разу. Ён быў капітанам, яго служба была сакрэтнай, пра яе ён амаль нічога ніколі не казаў. Мы прасілі, каб яго адправілі ў Мінск. Спадзяваліся, што лячэнне там трошкі іншае. Але нам адказалі, што ён нетранспартабельны”.

Толькі службай інтарэсы Андрэя Навіцкага не абмяжоўваліся. Ён быў аматарам хіп-хопу, а падчас адпачынкаў любіў актыўна вандраваць.

Блізкія развіталіся з Андрэем у суботу 5 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі