Афіцыйны Мінск не супраць прызначэння Мезенцава расійскім амбасадарам
Афіцыйны Мінск не супраць прызначэння Дзмітрыя Мезенцава новым расійскім амбасадарам. Пра гэта ў інтэрв’ю ТАСС заявіла прэс-сакратарка прэзідэнта Наталля Эйсмант. Беларускі бок мяркуе, што прызначэнне новага амбасадара — пытанне расійскага кіраўніцтва. Пры гэтым прэс-сакратарка дадала, што “нічога кепскага пра папярэдняга амбасадара сказаць не можам”.
20 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што амбасадар Расіі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і прадстаўнік МЗС Расіі. Лукашэнка выказаў упэўненасць, што “яны разбяруцца там з гэтым амбасадарам”.
У аўторак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прызначыў Дзмітрыя Мезенцава новым дыппрадстаўніком у Мінску, а Міхаіла Бабіча вызваліў ад пасады.
Бабіч быў амбасадарам Расіі ў Беларусі з 24 жніўня мінулага года. Таксама ён быў спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі “па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва” з Беларуссю.