Афіцыйныя прафсаюзы прапануюць увесці страхаванне па беспрацоўі

Афіцыйныя прафсаюзы прапануюць увесці страхаванне па беспрацоўі

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыюе ўвядзенне ў краіне страхавання па беспрацоўі на выпадак страты заробку ў выніку банкруцтва наймальніка. Такую прапанову кіраўніцтва федэрацыі агучыла 24 траўня падчас круглага стала, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ФПБ.

Афіцыйныя прафсаюзы выказваюць занепакоенасць працэсамі, якія адбываюцца ў эканоміцы краіны, у тым ліку звязаныя з ростам вымушанай няпоўнай занятасці. Па словах старшыні ФПБ Міхаіла Арды, на сёння ёсць прадпрыемствы, якія не могуць своечасова выплочваць заробкі. З яго словаў, актуальным робіцца пытанне дастатковасці страховачных механізмаў, якія дазволяць змякчыць наступствы гэтых з’яваў.  

У ФПБ адзначаюць, што страхаванне па беспрацоўі — гэта міжнародная практыка, якая з’яўляецца эфектыўнай мерай абароны працоўных. Такое страхаванне дазволіць не дапусціць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця работніка, бо выплаты сувымерныя з памерам заробку.

Пры гэтым укараненне падобнага механізму патрабуе вырашэння шэрагу пытанняў. У прыватнасці, трэба вызначыць, якімі павінны быць мінімальны страхавы стаж і працягласць перыяду выплаты дапамогі, як будзе фінансавацца сістэма страхавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі