Назвалі імя беларуса, які стаіць за нападам на паплечніка Навальнага ў Вільні

Мужчына, ілюстрацыйнае фота

Мужчына, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

За нападам на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні стаіць грамадзянін Беларусі Віктар Павелка. Да такой высновы прыйшло расійскае выданне "Медиазона", вывучыўшы архіў перапіскі паміж расійскім мільянерам Леанідам Неўзліным і юрыстам Анатолем Бліновым. Акурат Блінова вінавацяць у арганізацыі нападу ў Вільні на Леаніда Волкава — паплечніка Аляксея Навальнага.

Пра затрыманне грамадзяніна Беларусі, які наняў польскіх выканаўцаў, згадваў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Паводле звестак выдання The Insider, на беларуса выйшлі, вывучаючы сувязі аднаго затрыманага за напады ў Аргенціне.

Віктару Павелку 36 гадоў. Яго ўжо судзілі ў Польшчы ў 2022-м па справе аб махлярстве і адмыванні грошай. Па гэтай жа справе адной з 17 абвінавачаных праходзіла вядомая польская тэлевядоўца Марцэліна Завадская — яе звязвалі з Павелкам рамантычныя стасункі.

У польскіх СМІ пісалі, што Павелка — сын беларускага афіцэра КДБ. У Польшчы, як сцвярджалася, ён стварыў злачынную групу, якая прымушала людзей да махлярства. Адзін з падсудных заявіў на судзе, што памочнікі Павелкі паставілі на яго машыну GPS-маячок, пасля чаго яго высачылі і паранілі нажом. Іншы падсудны казаў пра Павелку як пра чалавека, які п'е і паводзіцца агрэсіўна, часта пагражаючы фізічнай расправай. Трэці падсудны заявіў, што Павелка падаслаў да яго вымагальнікаў, каб выбіць запазычанасць.

Тады суд у Калішы прысудзіў беларусу 3 гады і 8 месяцаў зняволення. Да вынясення прысуду ён больш за два гады быў у СІЗА, а таму дастаткова хутка выйшаў на волю.

У польскай пракуратуры "Медиазоне" сказалі, што Павелку выставілі тры абвінавачанні па справе аб нападах на расійскіх апазіцыянераў. Адно з іх — арганізацыя нападу па палітычных матывах. Цяпер Павелка пад арыштам.

Арыштаваны Віктар Павелка, як гаворыцца ў лісце Блінова, супрацоўнічае са следствам і дае супраць яго паказанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі