Агульная беларуска-расійская база "невыязных" будзе гатовая не раней за 2009г.?

Агульную базу "невыязных" грамадзян рыхтуюць беларускія і расійскія праваахоўныя органы. Пра гэта 26 чэрвеня напісала расійская газета "Новые Известия". Выданне спасылаецца на прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія пацвердзілі, што такі праект рэалізуецца. Такім чынам, тыя, хто патрапіў у "беларускі" спіс "невыязных", не змогуць больш выязджаць за мяжу праз Расію. “Еўрарадыё” звярнулася да кіраўніка прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандра Цішчанкі з пытаннем, калі можа запрацаваць база. Цішчанка: Сказаць канкрэтна дату я не магу, гэта тэхнічныя пытанні. Гэта і каналы сувязі, і фармаванне сервернай базы. Інфармацыю трэба захоўваць, і як правіла, перадаваць. Гэтую інфармацыю трэба паставіць на ўсе пункты пропуску, каб яна даходзіла ў рэальным рэжыме часу. Як адзначаюць спэцыялісты, гэта ня месяц, ня два і ня тры. І цяжка сказаць, ці будзе гэта да канца году. Спачатку ж трэба распрацаваць бюджэт гэтай працэдуры.

Аляксандар Цішчанка не пагадзіўся са сцверджаннем “Новых известий” пра тое, што працэс стварэння агульнай базы ініцыюе або фарсуе Мінск.

Цішчанка: У нас дакладна такія ж пытанні вырашаюцца і з Украінай, і з краінамі Еўрасаюзу, у тым ліку з краінамі Балтыі і Польшчай. Мы нядаўна падпісалі мемарандум з офісам АБСЕ. На падпісанні мемарандума спадар Шмідт падкрэсліў, што Еўрасаюз таксама зацікаўлены ў стварэнні баз звестак на мяжы Беларусі і Еўрасаюзу. Раней гэтыя базы Еўрасаюз ствараў на мяжы Нямеччыны і Польшчы. Цяпер гэта робім мы.

Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэту падкрэсліў, што размова ідзе не толькі пра тое, каб не пускаць беларускіх невыязных праз расійскія межы, але і пра тое, каб праз Беларусь не праехалі невыязныя расіяне. А тых вялізная колькасць, - кажа суразмоўца “Еўрарадыё”.

Цішчанка: Наша беларуская база называецца “крыміналагічная база”.
Еўрарадыё: 260 тыс. чалавек?

Цішчанка: Зразумейце, 260 тыс. чалавек невыязных – гэта не толькі беларусы. Мы нядаўна атрымалі базу па лініі інтэрполу. Ёсць у базе і расійскія грамадзяне, якія здзейснілі цяжкія злачынствы і знаходзяцца ў вышуку.

Сп. Цішчанка адпрэчвае спробы палітызаваць базу звесткаў аб невязных грамадзянах.

Цішчанка: Спробы палітызаваць яе – неактуальныя. Ну, раз прыцягнулі спадара Лябедзьку, раз ён з’яўляецца ўдзельнікам працэсу грамадзянскага пазову аб зневажанні гонару і годнасці – не памежнікі ж вырашаюць, што яму абмежаваныя правы на выезд.


Беларускі памежны камітэт на сваім сайце падкрэслівае, што вядзе супрацоўніцтва са структурамі і краінамі Еўрасаюзу, іншымі міжнароднымі структурамі (ААН, АБСЕ, СНД, Еўрапол, Інтэрпол), а таксама з Украінай і Расіяй. І са сваімі партнёрамі складае базы звестак “невыязных”. Бо, як падкрэсліў Аляксандр Цішчанка, паміж Лісабонам і Уладзівастокам толькі адна мяжа – беларуская.

Бачанне праблемы расійскім бокам і яго падрыхтоўка да агульных з Беларуссю спісаў невыязных, неўзабаве на нашым сайце і ў эфіры.

Фота: Одиньюс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі