Акцёр Харысан Форд атрымаў траўмы падчас авіякатастрофы (фота, відэа)
Яго шпіталізавалі. Сын супакойвае: жыццю бацькі пагрозы няма.
Знакаміты амерыканскі акцёр Харысан Форд трапіў у авіякатастрофу. 72-гадовы Форд пілатаваў лёгкаматорны самалёт у Каліфорніі. Раптоўна адбылася аварыя — самалёт разбіўся на поле для гольфа ў горадзе Санта-Моніка каля Лос-Анджэлеса. Рухавік перастаў працаваць і лётчыку давялося ісці на вымушаную пасадку.
Спачатку паведамлялася, што пілот калекцыйнага самалёта Ryan PT-22 Recruit (ён выкарыстоўваўся падчас Другой сусветнай вайны) знаходзіцца ў крытычным стане. Пазней стала вядома, што ім кіраваў знакаміты акцёр і ён шпіталізаваны з траўмамі сярэдняй цяжкасці (была разбітая галава). Сын Харысана Форда напісаў у твітары, што наведаў бацьку ў шпіталі і яго жыццю пагрозы няма.
Дарэчы, больш за 15 гадоў таму Форд патрапіў у аварыю, калі ляцеў на верталёце. Здарэнне таксама здарылася ў Каліфорніі. У той раз акцёр быў з інструктарам. Яны атрымалі нязначныя пашкоджанні.
Харысан Форд вядомы найперш па фільмах пра Індыяну Джонса і па трылогіі "Зорныя войны".
Фота: Reuters, АР