Албанія забіла на “Еўра-2016” першы гол на афіцыйным турніры і перамагла
У нядзелю, 19 чэрвеня на чэмпіянаце Еўропы па футболе каманды з групы А правялі апошнія матчы групавога этапу. У французскім Ліёне зборная Албаніі атрымала важную перамогу над Румыніяй: каманда выйграла з лікам 1:0, аднак гэты гол быў першым у гісторыі, які албанцы забілі на афіцыйным турніры. Мячом адзначыўся форвард Албаніі Арманда Садзіку і вывеў сваю зборную ў плэй-оф — каманда з трыма ачкамі заняла трэцяе месца ў групе А.
Яшчэ адзін матч у гэтай групе згулялі ў Вільнёў-д’Аск Францыя і Швейцарыя, якія разышліся з сухой нічыёй — 0:0. Яны займаюць адпаведна першае і другое месца і працягнуць барацьбу ў плэй-оф.
Сёння пройдуць апошнія матчы групавога этапу “Еўра-2016”. У групе В зборная Уэльса сустрэнецца з Расіяй. Уэльс мае 3 ачкі і пакуль знаходзіцца на другім месцы, аднак няўдача з Расіяй можа скінуць каманду ўніз. Расія займае апошняе месца з адным ачком і пройгрыш аўтаматычна выб’е яе з турніру. Таксама ў групе В Англія згуляе са Славакіяй: Англія мае 4 ачкі, а Славакія — 3. Пройгрыш можа пазбавіць славакаў пуцёўкі ў плэй-оф, калі пры гэтым Расія пераможа.
У групе С сустрэнуцца Украіна і Польшча, Нямеччына і Паўночная Ірландыя. Украіна не мае ачкоў увогуле, Польшча з чатырма ачкамі на другім месцы. Нямеччына з чатырма ачкамі на першым месцы, Паўночная Ірландыя з трыма — на трэцім.