Альбом "Грамадазнаўства" стане рок-операй
На прэзентацыі апошняга альбома Лявона Вольскага ў Вільні прагучаць 33 песні.
На сваім віленскім канцэрце, які адбудзецца 11 кастрычніка ў мясцовай Teatro Arena, Лявон Вольскі выканае 33 песні! Апроч уласна песень з новага альбома "Грамадазнаўства", які будзе прэзентаваны ў межах канцэрта, музыка выканае хіты з рэпертуару ўсіх сваіх каманд.
"Я ўжо і не памятаю, калі мы рабілі такую вялікую па колькасці песень і храналагічным ахопе праграму. Тым больш, у паўнавартасным рокавым гучанні, — прызнаецца Лявон Вольскі. — Было цікава ўзгадаць шмат песень з мінулага, асабліва ўсе гэтыя рок-гімны 90-х і 00-х, на якія мы зробім вялікі акцэнт. Сучасны склад музыкаў, безумоўна, дадае ў іх нешта сваё, але не змяняе іх сутнасць".
Акампаніраваць Лявону падчас выканання "Грамадазнаўства" будуць у тым ліку і нарвежскія музыкі, з якімі ён ствараў і запісваў кружэлку.
"Кожная частка будзе мець свой сэнс і сваю атмасферу, — распавядае музыка пра праграму канцэрта. — Альбом "Грамадазнаўства" будзе, хутчэй, у выглядзе сучаснай рок-оперы. Граць яго будзем амаль без паўз, з адмысловым святлом і дадатковым гукавым аздабленнем. То бок, гэтая частка будзе, каб паслухаць, атрымаць настрой. А потым будзе вялікая другая частка ў фармаце рок-канцэрта, каб добра паспяваць і паскакаць.
Квіткі на канцэрт яшчэ ёсць у продажы ў агенцтве "Шаблі" ( да квіткоў прыкладаюцца бясплатныя візы, папярэдняя рэгістрацыя ў амбасадзе не патрэбная) і TicketPro (без візавай падтрымкі). Кошт: 350 тыс. руб. (танцпол), 500-700 тыс. руб (партэр). Аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск — 500 тыс. руб. Інфалінія (033) 6555596. Падрабязная інфармацыя на сайце www.shabli.by.