Алесін: База ў Бабруйску — сігнал, што Расія кантралюе сітуацыю ва Украіне
У беларускіх лётчыкаў магчымасці ў 2 разы меншыя за расійскіх, калі казаць пра ўдары па паветраных цэлях, і ў 3 разы, калі казаць пра ўдары па зямлі
Колькі ў нас будзе расійскіх і колькі беларускіх самалётаў, як яны падзеляць неба і ці ёсць у расійскіх самалётах небяспека для суседзяў, кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Еўрарадыё: Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што ўжо ў наступным годзе на аэрадроме ў Бабруйску з’явіцца 12 расійскіх знішчальнікаў “СУ-27СМ3”. На сёння якія расійскія самалёты ёсць у Беларусі?
Аляксандр Алесін: Цяпер у нас у Баранавічах на баявым дзяжурстве знаходзіцца 4 знішчальнікі “СУ-27СМ3”. Гэта ўдарныя знішчальнікі. Яны на ратацыйнай падставе тут дзяжураць: два месяцы тут знаходзяцца адны самалёты, а потым іх замяняюць іншыя. Больш не дазваляе дамова “Аб адзінай рэгіянальнай сістэме ПВА”. Бо можна часова знаходзіцца на тэрыторыі адзін аднаго нашым баявым самалётам, але прававых падстаў для стварэння авіябазы пакуль няма. Нягледзячы на тое, што ўжо аб’явілі, што яна з’явіцца, але юрыдычнага афармлення пакуль не было.
Еўрарадыё: Пасля стварэння расійскай авіябазы ў Бабруйску якую колькасць расійскіх самалётаў і дзе мы будзем мець?
Аляксандр Алесін: У Баранавічах самалётаў не будзе, а будуць яны ўсе ў Бабруйску. Але спачатку нашаму парламенту неабходна будзе прыняць адпаведны дакумент. Магчыма, будзе падпісаная дамова паміж Беларуссю і Расіяй, якая будзе ўхваленая парламентам, ці які іншы дакумент, які дазволіць у 2015 годзе размясціць там на пастаяннай аснове першыя 12 самалётаў, а ў 2016 — і ўсе 24.
Еўрарадыё: А колькі і чаго маюць беларускія лётчыкі?
Аляксандр Алесін: Даволі цяжка казаць, колькі і чаго ў нас засталося. Былі паведамленні, што ў снежні 2012 года з эксплуатацыі былі выведзеныя ўсе СУ-27, але потым Лукашэнка заявіў, што мяркуецца мадэрнізаваць і аднавіць хаця б 14 з іх. Калі аднаўляць не будзем, то ніводнага СУ-27 у нас не будзе. Адносна МІГ-29 розныя лічбы называюцца. Рэч у тым, што мы імі і гандлявалі, і былі розныя авіяцыйныя здарэнні. Але мяркую, што ў межах 45-50 МІГ-29 у нас ёсць. Прыкладна столькі ж штурмавікоў СУ-25. Франтавыя бамбардзіроўшчыкі СУ-24 мы прадалі — іх знялі з узбраення яшчэ раней і, відаць, часткова прадалі Судану, а часткова прададуць Іраку. Так што нашы ўзброеныя сілы не толькі ў колькасці змяншаюцца, але і іх тэхнічны ўзровень робіцца горшым. Таму Лукашэнка і прасіў у Расіі новыя самалёты. Але пакуль дамова падпісаная толькі на 4 вучэбна-баявыя самалёты ЯК-130. Пра астатнія нічога не вядома. Замест гэтага Расія нам прапаноўвае свае авіяцыйныя базы, каб наша неба бараніць сваімі сіламі. Думаю, гэта дадатковы рычаг уплыву на нашу краіну.
Аляксандр Алесін
Еўрарадыё: Якія магчымасці ў гэтых расійскіх самалётаў? Якія баявыя задачы яны могуць выконваць?
Аляксандр Алесін: Гэта шматфункцыянальныя баявыя самалёты з пашыранымі магчымасцямі для ўдараў па зямлі. Адкрытая архітэктура бартавога радыёэлектроннага абсталявання дазваляе ім несці ўвесь набор тактычных узбраенняў, якія цяпер ёсць у расійскай авіяцыі. Нехта кажа, што пры невялікіх дапрацоўках — і тактычную ядзерную зброю. Ну, тут і звычайныя, і кіраваныя бомбы да 500 кілаграм, і ракеты тактычнай дальнасці да 300 кіламетраў — і супрацьрадыёлакацыйныя, і карабельныя. Афіцыйна паведамляецца, што яны могуць праляцець 1500 кіламетраў без дазапраўкі, а з дазапраўкай у паветры іх радыус дзеяння можа быць значна большы. Нагрузка баявая да 8 тон можа быць. Гэта сур’ёзны самалёт, і магчымасць удараў па паветраных цэлях пашыраная ў два разу ў параўнанні з базавай версіяй, а па наземных — у тры. Можа быць выкарыстаны для рашэння практычна любых задач.
Еўрарадыё: А параўнайце з магчымасцямі беларускай ваеннай авіяцыі.
Аляксандр Алесін: У нас магчымасці ў два разы меншыя, калі казаць пра ўдары па паветраных цэлях, і ў тры разы, калі казаць пра ўдары па зямлі. Калі мы мадэрнізуем свае СУ-27, гэтае адставанне будзе крыху меншае.
Еўрарадыё: Ці можна казаць пра тое, што расійскія і беларускія лётчыкі падзялі паміж сабой беларускае неба?
Аляксандр Алесін: Сапраўды, цяпер ёсць пэўны падзел паміж цяжкімі тактычнымі знішчальнікамі СУ-27СМ3 і лёгкімі знішчальнікамі МІГ-29. Цяжкія знішчальнікі прызначаныя для сустрэчы ворага на дальніх подступах і нават па-за сваімі межамі — для перахопу ракетаносьбітаў. Маюць яны магчымасці і для нанясення ракетных і бомбавых удараў па чужой тэрыторыі. Лёгкія знішчальнікі маюць невялікую дальнасць палётаў і больш лёгкае ўзбраенне і выкарыстоўваюцца для прыкрыцця аб’ектаў на сваёй тэрыторыі і лініі фронту.
Еўрарадыё: А калі адносна вышыні палётаў: можна казаць, што расіяне забралі сабе “неба”, а беларускім лётчыкам пакінулі “зямлю”?
Аляксандр Алесін: Ні вышыня палётаў, ні хуткасць у нашых і расійскіх самалётаў моцна не адрозніваюцца. Розніца — у бартавым радыёэлектронным абсталяванні і ў функцыянальных магчымасцях. Але ў прынцыпе няма такіх самалётаў, якія б маглі “ўцячы” ад ракет. І таму паказчык “столі” ўжо не адыгрывае вырашальнай ролі. Калі раней “столь” была патрэбная, каб пераадолець сістэму супрацьпаветранай абароны, то цяпер, калі ракеты выходзяць у стратасферу, а некаторыя і ў касмічную прастору, вышыня “столі” самалётаў не мае значэння.
Еўрарадыё: Ці можа размяшчэнне на нашай тэрыторыі менавіта такіх расійскіх самалётаў успрымацца як імаверная пагроза ў Польшчы, Літве ці Украіне?
Аляксандр Алесін: Думаю, Расія менавіта гэтага і хацела — гэта такі сігнал. Спачатку гэта быў сігнал, што Расія незадаволеная з’яўленнем еўрапейскай супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Польшчы, а цяпер гэта сігнал таго, што яна незадаволеная з’яўленнем баз NATO у краінах Балтыі і Польшчы. Ну, і гэта сігнал, што яна трымае пад кантролем сітуацыю ва Украіне. Расіяне ставяць тут свае самалёты, каб паказаць, што яны не будуць абыякавымі да з’яўлення ваенных баз на тэрыторыі нашых суседзяў.
Еўрарадыё: А як гэта на імідж нашай краіны ўплывае?
Аляксандр Алесін: Гэтак жа, як і размяшчэнне амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы і краінах Балтыі. Кожная дзяржава мае права вызначаць, што лепш для яе нацыянальнай бяспекі. Але, безумоўна, гэта будзе выклікаць хваляванне ў нашых суседзяў і сведчыць пра тое, што Беларусь сапраўды ў ваенным плане з’яўляецца верным саюзнікам Расіі.
Еўрарадыё: Хто і што цяпер знаходзіцца на авіябазе ў Бабруйску?
Аляксандр Алесін: Пэўны час таму, з сакавіка, там знаходзіліся расійскія знішчальнікі і ваенна-транспартныя самалёты. Па звестках, гэтую тэрыторыю яны пакінулі, бо бясконца там знаходзіцца не маглі. Магчыма, транспартныя самалёты туды і прылятаюць, бо паўгода таму там расійская актыўнасць была заўважаная. Гэта азначае, што рашэнне аб размяшчэнні там базы было прынятае значна раней, чым пра гэта аб’явілі. Думаю, у рэжыме “прылёт-злёт” расійскія ваенна-транспартныя самалёты знаходзяцца там перыядычна.
Фота: Змітра Лукашука