Аляксандр Лукашэнка чакае, калі адновіцца рост эканомікі (відэа)
Гэтае пытанне кіраўнік Беларусі задаў у аўторак на пасяджэнні Савета бяспекі, дзе заслухоўвае справаздачу ўрада па выніках працы за першае паўгоддзе.
"Ці ўдалося нам прайсці ніжнюю кропку траекторыі нашага развіцця? Калі адновіцца істотны ўздым эканомікі? Што неабходна зрабіць, каб не паўтарылася зноў сітуацыя, якая прывяла да праблем? Гэта галоўнае, на што ўрад павінен даць выразны адказ", — перадае interfax.by словы Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за студзень-красавік 2014 года ВУП краіны вырас крыху больш чым на 1%. Аднак пра сур'ёзную станоўчую дынаміку казаць яшчэ рана, бо гэты рост ВУП, па яго словах, забяспечаны пераважна ўнутраным попытам. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "застарэлыя болькі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы засталіся".
Паводле яго слоў, у гэтых сферах працягваецца зніжэнне вытворчасці, пагаршаецца фінансавы стан прадпрыемстваў, растуць складскія запасы.
Фота — president.gov.by