Аляксандр Рыбак: Я спадзяюся, што ніколі больш не ўбачу гэта журы

Прагнозы беларусаў не спраўджваюцца: прадстаўляць нашу краіну на “Еўрабачанні-2015” будзе дуэт спевака Юзары і скрыпачкі-прыгажуні Маймуны, а не Gunesh, Жанет, Muzzart ці "Мілкі" Аляксандра Рыбака. Навіна становіцца нечаканасцю для пераможцы Еўрабачання-2009 і ён зачыняецца ў грымёрцы. Праўда, пазней у сеціве з’яўляецца відэа, дзе Саша разважае пра Беларусь і сваю песню:

Як галасавала журы і гледачы + песні 5 фіналістаў

“Колькі я гастралюю па свеце, я чую, як еўрапейцы паліваюць брудам маю Радзіму Беларусь. А я яе абараняю, абараняю, кажу, што там добрая сістэма. А яны адказваюць: “Якая сістэма, там усё куплена?!”. А я абараняю, абараняю. Хоць больш не ведаю, што я абараняю. Кожны год я сустракаю беларускую дэлегацыю. Яны гавораць: “Саша, калі ласка, напішы нам песню. Што нам зрабіць, каб перамагчы на “Еўрабачанні””? Ну, вось, я песню напісаў. Патраціў час, шмат грошай, знайшоў унікальных, таленавітых дзяўчат і напісаў песню менавіта пра чыстую, шчырую Беларусь — так, як я яе бачу. І вось паважаныя журы яе правалілі. Я нават ахвяраваў святкаваннем Ражджаства з бацькамі… Але гэта не пра тое.

Паўсюль у Еўропе нас падтрымлівалі эксперты, неэксперты, фанаты “Еўрабачання”, а тут журы вырашыла ўсё праваліць. Я бачыў гэта журы раней. Я з усімі сустракаўся. Я памятаю, калі я быў хворым, адзін мужык з журы прыйшоў і сказаў: “Ну, ладна, давай, сфоткайся, адзін жа шанец у дзяцей”. Я зноў усміхнуўся, сфоткаўся. Ён сказаў: “Заўсёды будзем цябе падтрымліваць”. І вось так падтрымалі, так? Я вельмі спадзяюся, што я гэта журы ніколі ў жыцці не ўбачу, таму што будзе вельмі складана рабіць выгляд, што я рады і хочацца ўсміхацца”.

Дзяўчаты з праекту "Мілкі", настроеныя больш аптымістычна, чым Аляксандр. Тым больш, што дзявочы бэнд стаў пераможцам галасавання афіцыйнага фан-клубу “Еўрабачання” сістэмы OGAE:

“Затое людзям песня спадабалася, і гэта самае галоўнае. Журы палічыла, што тут выступалі артысты больш прафесійныя, чым мы. Мы не можам не пагадзіцца. Бо, як гурт, мы існуем зусім нядаўна. Мы яшчэ спяемся. Але за гэты кароткі тэрмін мы зрабілі ўсё, што было магчыма. Сёння ўсе, хто з намі працаваў і проста за намі назіраў сказалі, што мы выклаліся на ўсе 100”, — кажуць дзяўчынкі.

Сёлета прадстаўніка Беларусі выбіраюць па новай схеме: 7 галасоў ад журы і 1 ад гледачоў, якія галасавалі з дапамогай смс-паведамленняў і тэлефанаванняў. Спачатку арганізатары агучваюць вынікі народнага галасавання, згодна з якім выканаўцам расстаўляюць балы ад 1 да 12 (за выключэннем 2 і 11). Паводле яго на першае месца выходзіць брэсцкі гурт Muzzart, на другое — Milki, трэцяе — Uzari & Maimuna.

“Як жа прыемна! Як прыемна! Вялікі дзякуй кожнаму за ваш голас. Ад усёй душы, ад усяго сэрца ўсёй Беларусі вялікі дзякуй”, — першыя вынікі становяцца нечаканасцю для брэсцкага аркестрыка Muzzart і сведчаць пра тое, што беларуская публіка стамілася ад стандартных тэлевізійных артыстаў. Ёй да спадобы новае гучанне і свежы падыход да музыкі.

Анастасія Малашкевіч

А вось журы лічаць па-іншаму: тройку лідараў нацыянальнага адбору адрозніваюць менавіта песні еўрапейскага фармату і моцныя галасы.

 “Вельмі хочацца быць першай, — прызнаецца Анастасія Малашкевіч, якая заняла другое месца на Нацыянальным адборы. — Я веру ў сябе і я лічу, што сёлета ў нас песня — бомба, якая “западае” з першага раза. Таму мы, натуральна, хацелі быць першымі, але мне пашчасціла быць другой. Я мяркую, што гэта вялікая ўдача. І мне неверагодна прыемна, што мяне так высока ацаніла журы, паставіла такія высокія балы — я проста ў шоку.  Для мяне гэта вялікі стымул, каб у наступным годзе быць яшчэ больш актыўнай, настойлівай, вакальнай, харызматычнай, песеннай, хітовай, каб у журы не было іншых варыянтаў”.

Гюнеш

Ветэран адбору на Еўрабачанне, Гюнеш не асабліва пераймаецца з-за трэцяга месца і кажа, што ў яе ўсё задуманае атрымалася. Пасля замужжа спявачка падаецца вельмі гарманічнай і разняволенай:

 “Крыху не хапіла. Калі б нехта з сябраў журы паставіў мне 12-ку, можна было б і на першым месцы апынуцца. Але ў прынцыпе вынік добры. Я лічу, што Юзары і Маймуна – выдатныя музыкі, і ў іх усё атрымаецца. Я пакуль не магу сказаць, якія будуць планы на будучыню, магчыма, я ўжо мамай стану ў наступным годзе, не ведаю. Можа яшчэ раз паспрабую. Але мне падаецца, што сёлета ў мяне ўсё задуманае атрымалася, і я вельмі задаволеная сваім выступам. А гэта самае галоўнае”. 

Юзары і Маймуна

Спявак Юзары сёлета сапраўды 100-адсоткава падрыхтаваўся да конкурсу. Яго песня “Time” адпавядае ўсім канонам Еўрабачання: цікавая інтанацыйна і вакальна, з усходнім каларытам і скрыпічнымі пройгрышамі, рытмічная і запамінальная. А скрыпачка Маймуна сваімі рухамі і сэксуальнасцю толькі ўзмацняе эфект. Музыка неаднойчы бываў на Еўрабачанні і, як кажуць, вывучыў кантэнт. Дарэчы, апошнія адборы на конкурс дэманструюць, што беларусы навучыліся пісаць еўра-фарматныя песні, якія не маюць нічога агульнага з беларускай эстрадай. Праўда, прадзюсар Уладзімір Кубышкін, чый выхаванец Віталь Варанко набраў усяго 1 бал і заняў на адборы апошняе месца, мяркуе, што песні пад Еўрабачанне ў Беларусі “асуджаныя на смерць яшчэ не нарадзіўшыся”, бо іх немагчыма прымяніць нідзе, апроч гэтай лакацыі.

Віталь Варанко

“Напрыклад, Юра Тэа, працаваў у эстрадным жанры 15 гадоў, але яго ніхто не ведаў. А вось так з’ездзіў на Еўрабачанне і ў яго з’явілася праца за грошы. Вось ККД. Вось гэта адзіны ККД ад удзелу ў конкурсе для беларускага артыста. Ён нарэшце стаў зарабляць нармальныя грошы. І кожны ўдзельнік хоча, каб у яго стала больш карпаратываў у нас у краіне, больш працы, больш канцэртаў. То бок, ён хоча пабудаваць кватэру, забяспечыць жонку, набыць сабе новы аўтамабіль, ну, ці першы”, — смяецца Уладзімір.

Фінал Еўрабачання-2015 пройдзе 23 траўня ў Вене. Паўфіналы адбудуцца 19 і 21 траўня.

Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2014" Тэа

Napoli

Lis

Daria

Вядучыя Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі

Валерыя Садоўская

Rostany

Жанет

Гурт "Беатрыс"

Гурт "Дразды"

Алёна Ланская

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі