Аляксандр Саладуха - Берега

120125 Agljadacha.mp3

Новы альбом Аляксандра Саладухі “Берега” – гэта сапраўдная феерыя фантазіі, аранжыроўкі ды гучання. Адзначым, што ўжо сёмая феерыя ў дыскаграфіі спевака! Сёмая, але так падобная на першую. Можа быць, менавіта таму сапраўдны “кароль айчыннай поп-сцэны”, дагэтуль так і не атрымаў званне Народнага... У адрозненні ад сваёй “світы”…

Напэўна, самым вялікім гонарам дыску для спевака з’яўляецца песня напісаная шансанье “всея Русі” Стасам Міхайлавым. Дарэчы, каб здагадацца каторы гэта трэк, дастаткова прачытаць яго назву, Безумоўна гэта “Тебе, любимая!”

 
Музыку да астатніх 9 песень альбома напісаў Алег Елісеенкаў і адразу бачна, што вельмі стараўся. На столькі непрадказальныя музычныя хады мог напісаць толькі адзін з самых знакамітых кампазітараў краіны. Гэта сапраўды моцна, калі ўсе песні альбома можна сабраць у адну і пры гэтым асаблівыя меладычныя змены не будуць заўважныя. Яны нібыта выплываюць адна з адной. Да гэтага яшчэ дадаюцца выдатна прапісаныя “бэкі”. Часам здаецца, што вярнуўся на некалькі дзесяткаў гадоў назад, вось там такія сінтэзатарныя аранжыроўкі і бэк-вакалы, напэўна, былі сапраўдным прарывам. Але… наўрад ці.


А вось з тэкстамі сітуацыя больш цікавая. Дзевяць песень (апроч “Тебе, любимая!” аўтарства Стаса Міхайлава) напісаныя пяццю аўтарамі. Але асаблівай розніцы ў выкарыстанні рыфмы і падбору словаў таксама незаўважна. Падаецца, што пісаў іх усё ж адзін чалавек, але ён вырашыў усю славу на сябе не браць, таму і падзяліўся. Узяць толькі самыя першыя словы альбома: “Я, много лет шагая по планете, томлюсь загадкой, в чем моя здесь суть, зачем я появілся в этом свете і как пройті земной я должен путь”. Чатыры радкі, а якая шырокая ўздымаецца праблема! Далей болей!


Але вось чаго ў дыска “Берега”, нават не ў дыска, а ў самога Аляксандра Саладухі ніяк не адбярэш, гэта шчырасці. Гэтая яго шчырасць, адкрытасць і чыстая вера ва ўласны поспех нават пужае. Але ж сапраўды ён хіба не адзіны эстрадны выканаўца ў краіне, які самастойна збірае вялікія канцэртныя залы. Няхай, нават, і шляхам абтэлефаноўвання ўсіх арганізацый краіны. Выдатным прыкладам такой шчырасці і адкрытасці ёсць песня-прысвячэнне дачцэ спевака Варвары, якую той увесь час называе сваёй музай ды натхненнем.


З агульнага шэрагу песень вельмі выбіваецца пяты трэк, які называецца “Памяти В.Мулявина”. На дыску тэкст пазначаны, як народны, але, шчыра кажучы, гэта вельмі непадобна на праўду. Дакладней, гэта проста лухта. Ну, не верыцца, што народ мог напісаць: “Было время, пели годы на устах и не слетали у великого народа под Мулявина началом”, ці “Закричали строчки полос: “Песняров” упало знамя! Отлетел хрустальный голос, нам оставив в песнях память!”. Далей цытаваць няма сэнсу, гэта лепш пачуць. Але, чаму аўтар схаваўся за народнай творчасцю, каб дадаць моцы асобе Мулявіна, ці проста з-за сораму? Гэтае пытанне застаецца адкрытым.


Карацей, “Берега” – вельмі роўны альбом вельмі роўнага выканаўцы Аляксандра Саладухі. На ім няма ніводнага хіта, кшталту “Чужая милая”, ці “Виноград”, але ёсць сапраўды шчырыя і добрыя песні, якія будуць даспадобы сапраўдным аматарам артыста.

Раім паслухаць! Альбом варты ўвагі, хоць бы і для агульнага развіцця. Але памятайце, што потым з усім гэтым давядзецца неяк жыць!)

Трэк-ліст:

01. Что надо
02. Тебе, любимая
03. Простите
04. Берега
05. Памяти В.Мулявина
06. Правила
07. Мама
08. Варенька
09. Это счастье
10. Дорога домой

Музыка: А.Елісеенкаў (1,3-10), С.Міхайлаў (2)
Словы: Л.Путырскі (1), С.Міхайлаў (2), А.Бадак (3), С.Салагуб (4,9,10), народныя (5), А.Зотаў (6,7), А.Жукаў (8)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі