Аляксандру Кныровічу скінулі год зняволення. Адвакат патрабаваў адмены прысуда
16 кастрычніка Мінскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыю бізнесмена Аляксандра Кныровіча. Адвакат патрабаваў для бізнесмена апраўдальнага прысуду. Суд не прыслухаўся да яго аргументаў і знізіў тэрмін зняволення Кныровіча ўсяго на год: з 6 да 5 гадоў.
Бацька Аляксандра Кныровіча кажа, што пытанні да следства ў яго застаюцца.
“Год ёсць год, улічваючы, што іншым хлопцам не знізілі нічога, — распавёў Еўрарадыё пасля апеляцыі Станіслаў Кныровіч. — Адвакат патрабаваў адмены прысуду, але, як ёсць. Можна шмат размаўляць на гэты конт. У бліжэйшыя дні будзе магчымасць сустрэцца с Аляксандрам, дазвол на сустрэчу ў мяне ў кішэні”.
Па словах бацькі бізнесмена, у лістах Аляксандр піша, што доўга рыхтаваўся да апеляцыі. На стан здароў’я прадпрымальнік не скардзіцца. У СІЗА Кныровіч робіць зарадку, чытае кнігі і газеты.
Аляксандр Кныровіч — беларускі прадпрымальнік, дырэктар групы кампаній “Сармат-СТІ”. Затрыманы 25 студзеня 2017 года. 4 ліпеня Мінскі гарадскі суд прызнаў Кныровіча вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прадпрымальнік атрымаў шэсць гадоў пазбаўлення волі, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў.
Турэмныя тэрміны атрымалі і іншыя супрацоўнікі кампаніі “Сармат”. Намеснік дырэктара па эканоміцы Ігар Максімаў, намеснік дырэктара па продажах Яўген Папоўскі і вядучы эканаміст Андрэй Кускоў атрымалі па 4, 4 і 3 гады зняволення адпаведна. Іх прысуды пакінулі без змен.