Амбасада ЗША ў Беларусі паведаміла пра змены ў працэдуры звароту па візы
Амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі паведаміла праз свой сайт, што ў працэдуры звароту па візы адбыліся змены.
Змены датычаць тых, хто звяртаецца па абнаўленне візы. Абнавіць візу ў Мінску змогуць толькі тыя, у каго віза скончылася менш за 12 месяцаў таму. Усе астатнія, у каго віза скончылася больш за 12 месяцаў таму, мусяць звяртацца па абнаўленне ў амбасады ЗША ў іншых краінах.
Гэтае правіла, як паведамляецца на сайце амбасады, не закранае асобаў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і звяртаюцца па дыпламатычныя візы (візы катэгорый А і G); студэнцкія візы (катэгорыі F і M); візы наведвальнікаў па абмене (катэгорыя J), акрамя віз па праграме "Летняя праца і падарожжа"; візы для гасцей дыппрадстаўніцтваў (сваякі беларускіх дыпламатаў, якія працуюць у беларускіх дыпламатычных місіях у ЗША). Змены не закрануць людзей, старэйшых за 70 гадоў, якія збіраюцца ў ЗША з мэтай турызму, наведвання сяброў і сваякоў. Таксама можна не хвалявацца тым, хто атрымоўвае візы ў рамках паездак і праграм, спансаваных урадам ЗША, працоўныя візы катэгорый P (артысты, спартоўцы і да т.п.) і O (работнікі з выдатнымі здольнасцямі), якiя выдаюцца на аснове ухваленай петыцыі.
Усім астатнім рэкамендавана звяртацца па неіміграцыйныя візы ў амерыканскія дыппрадстаўніцтвы ЗША ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Варшаве, Вільні, Рызе і Таліне. Прычым дыпламаты адзначаюць, што Таліне і Рызе не заўсёды ёсць супрацоўнікі, якія валодаюць рускай мовай. Таму заяўнікам, якія хочуць прайсці сумоўе па-руску, лепш звяртацца ў амбасады і консульства ЗША ў Маскве, Санкт-Пецярбургу ці Кіеве.