Анансаванае зніжэнне тарыфаў на роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй

Большасць карыстальнікаў ужо перайшлі на званкі анлайн

Большасць карыстальнікаў ужо перайшлі на званкі анлайн / pixabay.com

Анансаванае зніжэнне тарыфаў на роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй. Яно запланаванае з 1 сакавіка 2025-га, заявіў у аўторак беларускі прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён разам з расійскім прэм'ерам Міхаілам Мішусціным ухвалілі рэзалюцыю "Аб стварэнні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі саюзнай дзяржавы (адмена роўмінгу ў саюзнай дзяржаве)". Яе яшчэ павінны зацвердзіць 5 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Аднак з тлумачэнняў прэм'ераў вынікае, што роўмінг, відаць, так і не адменяць. Па словах Галоўчанкі, плануюць устанавіць "зніжаныя міжаператарскія тарыфы" і "забеспячэнне з 1 сакавіка 2025 года беларускіх і расійскіх абанентаў паслугамі сувязі па тарыфах, супастаўных з ужывальнымі ў так званай хатняй сетцы ў аб'ёме не менш за 300 хвілін бясплатных уваходных галасавых выклікаў і не менш за 5 гігабайт перадачы даных у месяц". Пра "камфортныя тарыфы для тэлефонных размоў і для перадачы інтэрнэт-даных" гаварыў і Мішусцін.

Над адменай роўмінгу РБ і РФ працуюць з 2017 года. Планавалася, што адмена роўмінгу адбудзецца яшчэ ў 2020-м, але ў выніку толькі знізілі тарыфы для роўмінгавых абанентаў (у верасні 2021 года). А 1 красавіка 2022-га адмянілі плату за ўваходныя ў роўмінгу. У далейшым называліся ўсё новыя і новыя тэрміны, калі роўмінг "ужо дакладна" будзе адменены. Але гэтага дагэтуль не здарылася.

Тым часам большасць карыстальнікаў ужо перайшлі на званкі анлайн, таму адмена платы за тэлефонныя званкі ў роўмінгу для іх не асабліва актуальная. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі