Анархісты замазалі фарбай "Расійскі цэнтр" у Брэсце (відэа)
Акцыю, якая адбылася ў ноч з 16 на 17 жніўня, яны назвалі сімвалічным пратэстам супраць расійскага імперыялізму.
Як паведамляе сайт revbel.org, анархісты залілі чорнай фарбай нядаўна пабудаваны "Расійскі цэнтр навукі і культуры".
У сваім тлумачэнні арганізатары акцыі кажуць, што "Расійскі цэнтр" з'яўляецца агентурнай структурай расійскага імперыялізму і падтрымоўвае ў нас ультраправыя і неакансерватыўныя арганізацыі, кшталту "РуМола".
"Сама ж расійская дзяржава з'яўляецца асноўным донарам рэжыму Лукашэнкі", — заяўляюць анархісты. Яны вінавацяць Расію ў падтрымцы беларускага рэжыму, у абароне яго ад "нападак з боку праваабаронцаў і журналістаў", у выдачы палітвязняў — у тым ліку анархіста Ігара Аліневіча.
Сваю акцыю анархісты тлумачаць і падзеямі ва Украіне: "Пасля падзеяў на паўднёвым усходзе Украіны стала відавочна: у выпадку паўтору рэвалюцыі ў Беларусі РФ неадкладна ўвядзе войскі і штыкамі ўсталюе тут свой парадак".