Андрэй Бяляўскі ў судзе цалкам прызнаў сваю віну
У чацвер, 11 студзеня, у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд над былым фігурантам “справы патрыётаў” Андреем Бяляўскім. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну ў незаконным захоўванні баявога патрона.
Андрэй Бяляўскі: “У пачатку лета 2013 года я набыў аўтамабіль “Гранд Чырокі” у Рэчыцы, прыгнаў яго ў Мінск. Некалькі тыдняў ездзіў і пасля знайшоў там гэты патрон. Прайшло не болей за месяц. Я знайшоў яго пад заднім сядзеннем. Я яго разгледзеў, паклаў у кішэню і вырашыў пакінуць у якасці сувеніра, і аднёс да дому. Мэты яго выкарыстоўваць у мяне не было”.
Маці Бяляўскага у судзе адмовілася ад дачы паказанняў. Да 14.00 аб’яўлены перапынак.
Бяляўскі быў затрыманы ў сакавіку 2017-га (тады падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ і знайшлі патрон) і правёў за кратамі 2,5 месяцы як фігурант “справы патрыётаў”, якая была ў выніку спынена (спачатку яго абвінавачвалі ў навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, пасля — у стварэнні "незаконнага ўзброенага фармавання"). На судзе прысутнічаюць іншыя фігуранты "справы патрыётаў": Міраслаў Лазоўскі, Віктар Данілаў, Андрэй Комлік-Ямацін.