Андрэй Дзмітрыеў: “Галоўная задача — захаваць надзею ў грамадстве”
“Мы ўсе глядзім фотаздымкі 2020 года, і людзі часта запытваюцца: “Як туды вярнуцца?” Ніяк, мы туды ўжо не вернемся. Гэта наш досвед. Трэба думаць, якімі мы будзем праз год ці калі прыйдзе час новых выбараў ці рэферэндуму”, — такую думку выказвае сустаршыня грамадскай кампаніі “Гавары праўду”, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў.
Што рабіць, калі любая актыўнасць пераследуецца і караецца? Ці з’явяцца ў неабходны час новыя “генералы”? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае палітык у эфіры Ерарадыё.
Гарызантальнае грамадства
Цяпер самае галоўное для нас усіх — дапамагчы грамадству прайсці гэты складаны перыяд. Уся публічная дзейнасць калі не пад забаронай, то вельмі падвышае рызыкі. Рэчы, якія мы раней агучвалі, пісалі, мы зараз робім непублічна. Але ўсё роўна я бачу сэнс нашага існавання ў тым, каб захаваць надзею ў грамадстве, тое адчуванне, што мы — грамадзяне.
У нас ёсць дзяржава. Так, складаныя часы. Галоўная мэта — захаваць людзей, сувязі паміж імі. Прыйшоў час будаваць гарызантальнае грамадства, дзе людзі адзін адному дапамагаюць. Такое грамадства патрэбна для зменаў і каб яны былі ўстойлівымі.
Трэба затаіцца і чакаць?
Я бы не хацеў казаць пра слова “затаіцца”, бо гэта азначае нічога не рабіць і чакаць, што нейкі цуд зменіць сітуацыю. Безумоўна, трэба быць асцярожнымі, ацэньваць рызыкі.
Але ўсё роўна, каб дзейнічаць, трэба размаўляць паміж сабой, даносіць навіны, распаўсюджваць іншы погляд. Разам спрабаваць рабіць, няхай у малых групах, грамадска-салідарныя рэчы.
Трэба ўсведамляць сітуацыю, у якой мы дзейнічаем, і спрабаваць не падстаўляцца. Я шчыра веру, што ўсё гэта залежыць ад нас. І нават такія малыя дзеянні, якія могуць падавацца няважнымі, яны ўсё роўна важныя.
Але, канешне, важна і рыхтавацца. Мы ўсе глядзім фотаздымкі 2020 года, і людзі часта запытваюцца: “Як туды вярнуцца?” Ніяк, мы туды ўжо не вернемся. Гэта наш досвед.
Трэба думаць, якімі мы будзем праз год ці калі прыйдзе час новых выбараў ці рэферэндуму. Мабілізацыя ў грамадстве вельмі важная.
Новыя твары ў палітыцы
Я думаю, што будуць новыя “генералы”. Лідары з’яўляюцца вельмі хутка, галоўнае, каб вакол іх было грамадства, каб яны адчувалі падтрымку.
Я лічу, што павінна быць гатовым грамадства. Самае галоўнае, каб, калі мы нарэшце ўсе разам зварухнём сітуацыю да лепшага, не атрымалася так, што вынікамі будуць карыстацца асобы, якія да гэтага не маюць ніякага дачынення.
З’явяцца новыя твары — і гэта добра. Але мы павінны памятаць, чаго мы хочам дамагчыся: хочам волі, павагі дзяржавы, справядлівых выбараў.
Самае галоўнае, каб у грамадстве давяралі адзін адному. Зараз у нас спрабуюць забраць веру ў свае сілы, што беларусы могуць быць самастойнымі людзьмі і жыць у цывілізаванай сучаснай еўрапейскай краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.