Аніматар: Беларускім мульцяшкам не хапае піяру
Рэжысёр анімацыйнага кіно Міхаіл Тумеля расказаў, чым сёння жыве беларуская мультыплікацыя ды якія героі могуць паспрачацца ў папулярнасці з самім Мікі Маўсам.
Еўрарадыё: Беларусьфільм звычайна асацыюецца з вайной, а вось беларускія анімацыйныя фільмы не выклікаюць увогуле ніякіх асацыяцый. Ці ёсць у Беларусі сёння анімацыйная індустрыя?
Міхаіл Тумеля: Пытанне складанае, таму што ў слова “анімацыя” звычайна кожны ўкладае свой асобны сэнс. Калі вы кажаце пра індустрыю як, скажам, Дыснэй ці Піксар – то няма. У нас робіцца такая паштучная анімацыя, якая рабілася і ў савецкія часы, зараз мы працуем над беларускай тэматыкай. Гэта невялікія стужкі па 10-13 хвілін, па 6,5 хвілін, ёсць зусім караценькія. Зараз я закончыў “Беларускія прымаўкі-2”, яны па хвіліне, па паўхвіліны. А калі казаць пра індустрыю, якая робіць блокбастэры, то гэта крыху не наша справа.
Еўрарадыё: Вы робіце мульцікі для дзяцей ці, хутчэй, для дарослых?
Міхаіл Тумеля: Таксама складанае пытанне, бо мне здаецца, што я раблю для ўсіх. Хочацца спадзявацца, што іх пабачаць і дзеці і дарослыя.
Еўрарадыё: Але па тэлебачанні гэтыя мульцікі рэдка паказваюць, яны робяцца на прыватныя замовы, ці ўсё ж гэта клопат дзяржавы?
Міхаіл Тумеля: Гэта хутчэй пытанне да тэлебачання, бо мы як рабілі тое, што нам падабаецца, так і робім. Тут няма ніякай спецзамовы. Мне падабаецца беларуская тэма. Мы робім серыялы пра гербы беларускіх гарадоў, прымаўкі. Вось яшчэ фільм “Выцінанка-выразанка”. Я прапаную гэтыя сцэнары мінкульту, і яны бяруць іх, а потым на Беларусьфільме мы гэта робім.
Еўрарадыё: А чаму іх так мала паказваюць?
Міхаіл Тумеля: Таму што ва ўсім свеце тэлебачанне – гэта камерцыйная структура. Тэлебачанне і культура - гэта зараз розныя рэчы, на маю думку. У іх свой план, яны нешта могуць купіць, старыя пакеты з Захаду ці штосьці яшчэ і круціць іх пад рэкламныя блокі. Яны ніколі не вернуць Беларусьфільму тых затратаў, што ідуць на стварэнне фільму, але яны яшчэ хочуць каб ім плацілі грошы за тое, што яны паказваюць гэтую прадукцыю. Так што гэта пытанне не да нас, а да тэлебачання.
Еўрарадыё: А апроч камерцыялізацыі, ці змянілася штосьці ў беларускім анімацыйным кіно, калі параўноўваць з савецкімі часамі?
Міхаіл Тумеля: На мой погляд, не вельмі шмат змянілася, але, можа, гэта і добра. Можа, пазней і наступіць нам на карак жалезная пята рынку, але пакуль што мы робім тое, што можа быць не такое ўжо камерцыйнае, але адпавядае нашым душам. Шкада, што не заўжды гэта трапляе да гледача, але, можа, свет пераменіцца.
Еўрарадыё: Ці адбываецца адток таленавітых сіл за мяжу ва ўмовах крызіснай сітуацыі?
Міхаіл Тумеля: Я думаю, калі і быў адток, то ён ужо адбыўся. Зараз іншая праблема – мала прыходзіць маладых таленавітых, хто б нас замяніў, бо свет мяняецца, у анімацыю больш ідуць дзяўчаты, хлопцаў амаль што няма. Можа быць, ужо не такі высокі прэстыж прафесіі.
Еўрарадыё: Ці ёсць беларускія аніматары, якія зрабілі паспяховую кар’еру на Захадзе?
Міхаіл Тумеля: Наш былы калега Міхаіл Беранштэйн. Ён працаваў на Беларусьфільме, а потым з сусветна вядомымі студыямі Pixar, DreamWorks. Ён працаваў у розных галінах анімацыі, зараз у 3D. Ён быў мастаком-аніматарам, а простых аніматараў, не рэжысёраў, ніхто не ведае, у тым ліку і заходніх. Не ўсе ж любяць чытаць цітры.
Еўрарадыё: А якія беларускія праекты апошніх гадоў можна назваць сапраўды паспяховымі?
Міхаіл Тумеля: Для мяне гэта праект пра беларускія гербы. Усе мае калегі, хто бачыў, кажуць, што гэта добры мастацкі ўзровень і цікавая ідэя. Мы робім беларускія казкі. Літаральна ўчора была здача на Беларусьфільме. Аляксандр Ленкін зрабіў беларускую казку “Дзед”. Я таксама здаў другую вязку беларускіх прымавак у тэхніцы выцінанкі. Калі казаць пра Мікі Маўса, ў якога сёння дзень народзінаў, дык беларукая анімацыя таксама мае дачыненне да гэтага персанажу, бо калі я быў студэнтам на Беларусьфільме і на вышэйшых курсах у Маскве рабіўся такі невялічкі фільм-марафон, які віншаваў Мікі Маўса з 60-годдзем.
Еўрарадыё: Ці ёсць персанаж беларускіх мульцікаў, такі ж вядомы і знакавы як Мікі Маўс?
Міхаіл Тумеля: Для мяне гэта жабкі з фільма “Квака-задавака”, дзе яшчэ песняры спявалі “вясёлыя зялёныя лупатыя”. Быў такі вядомы персанаж Мурлакатам з фільма “Дыназаўрык” Тацяны Жыткоўскай. Гэта старыя беларускія фільмы, я яшчэ школьнікам бачыў іх, калі прыходзіў на студыю. А так, складана сказаць, калі мульцікі паказвалі ў кінатэатры – гэта былі зборнікі, паштучна іх не паказвалі, тое ж і на тэлебачанні. Можа быць, не стае піяру. У Мікі Маўса былі добрыя менеджэры і больш піяру.