Апазіцыя аб’ядноўваецца шляхам раздзялення

Як даведалася Еўрарадыё, чарговае аб’яднанне апазіцыі прызначана на 22 верасня. Анансуе гэтую гістарычную падзею лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін: “Пагадненне мае на мэце змены правілаў палітычнай гульні ў Беларусі. І галоўнай прыладай тут могуць стаць свабодныя, справядлівыя і сумленныя выбары. Дадаткова мы сфармулюем парадак дня пераменаў для таго, каб людзі жылі лепш”.

Уваход у альянс вольны — падпісацца пад пагадненнем можа любая палітычная ці грамадская структура. І нават галасы ва ўсіх будуць роўныя — не будзе дзялення на эліту і дробныя арганізацыі, упэўнівае Калякін. Згоду на ўваходжанне ў альянс ужо далі аргкамітэт “Партыі працоўных”, Беларуская партыя жанчын “Надзея”, “Беларускі рух” і грамадскае аб’яднанне “За справядлівыя выбары”. Усім астатнім дакумент даслалі і чакаюць станоўчага адказу. Апроч — ЛДПБ і “Белай Русі”.

Праўда, шчыра прызнаецца палітык, нават калі ў альянс уступяць усе дэмакратычныя сілы краіны, іх не хопіць, каб дасягнуць пастаўленай мэты.

Сяргей Калякін: “Не хопіць сіл сёння дэмакратычных арганізацый! Звышзадача ў тым, каб прыцягнуць да гэтага працэсу простых грамадзян. Вось калі мы зможам прыцягнуць хаця б 10-15%  простых грамадзян Беларусі да гэтага працэсу — каб лічылі іх галасы, каб выбары былі выбарамі, каб людзі маглі ўплываць на сваю будучыню і сваё жыццё — тады нам гарантаваны поспех”.

Не тое каб простых грамадзян — усіх калег па дэмакратычным лагеры разам сабраць не ўдасца. Намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў сцвярджае: не толькі прапановы далучыцца да альянсу не атрымлівалі, але і сэнсу ў яго стварэнні няма. Бо гэтая структура… ужо існуе!

Андрэй Дзмітрыеў: “З пачатку існавання кампаніі “Гавары праўду!” ёсць кааліцыя “За справядлівыя выбары”. 4 ліпеня было падпісана яшчэ адно пагадненне паміж сацыял-дэмакратамі, “Гавары праўду!”, Рухам “За свабоду”, Партыяй БНФ і БХД пра ўдасканаленне дзейнасці кааліцыі, якая ставіць на мэце правядзенне ў Беларусі справядлівых выбараў, змаганне за змены ў выбарчым заканадаўстве і кампанію назірання”.

“Справядліваму свету” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама прапаноўвалі далучыцца да гэтай кааліцыі, але згоды не атрымалі, сцвярджае Дзмітрыеў. А зараз яны, здзіўляецца палітык, рэкрутуюць пад тыя ж сцягі ўсіх тых, хто ў раней створаную кааліцыю з нейкіх меркаванняў не ўвайшоў?!

Лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч прызнаецца: прапанову далучыцца да альянсу Калякіна-Лябедзькі атрымліваў. Але сэнсу ў ім не бачыць.

Генадзь Фядыніч: “Марнаваць час, працаваць на тое, каб атрымаць грант, прасачыць за выбарамі — гэта не тая справа, якая можа павярнуць краіну на шлях у іншы бок”.

Калякін упэўнівае: альянс не ствараецца выключна пад мясцовыя выбары 2014 года і назіранне. Маўляў, мэта змены правілаў палітычнай гульні — глабальная. Што праўда, ніяк не тлумачыць тое, навошта нам дзве структуры, якія будуць змагацца за адно і тое ж. Калі толькі мэтай не стаіць тое, ад чаго адмаўляюцца прафсаюзы.

Генадзь Фядыніч: “Калі ёсць гранты і ты іх адпрацоўваеш, то можна, прабачце, “раздзярбаніць” усё і зрабіць нейкія справаздачы, што ўсё добра. А справа застанецца на тым жа месцы. Мы ў такія гульні не хочам гуляць”.

Дарэчы, ідэю “Народнага рэферэндума”, з якім зараз ездзяць па краіне актывісты “Гавары праўду!”, Руху “За свабоду” і Партыі БНФ, Фядыніч лічыць таксама бесперспектыўнай.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі