Апазіцыя правяла акцыю ў цэнтры Мінска (фота)

Апазіцыя правяла акцыю ў цэнтры Мінска (фота)

Вулічная акцыя, прымеркаваная да 19-х угодкаў рэферэндуму 1996 года, прайшла 24 лістапада ў Мінску. Апроч таго, акцыя была закліканая ўшанаваць памяць двух зніклых палітыкаў — кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі і старшыні Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара. Менавіта ў сувязі з тым рэферэндумам абодва яны спачатку пазбавіліся сваіх пасадаў, а потым былі выкрадзеныя.

У Мінску прайшла вулічная акцыя да ўгодкаў рэферэндуму 1996 года

Збор прызначаўся на 18 гадзіну каля сталічнага ГУМа. Да пачатку акцыі ў каментары Еўрарадыё Статкевіч адзначыў, што сэнс акцыі ў тым, каб памятаць людзей, забітых па палітычных матывах. Ён зазначыў, што ўдзельнікі прыйдуць да так званых "месцаў страху" і пакажуць, што не баяцца. Пры гэтым, кажа Статкевіч, не так важна, колькі людзей прыме ўдзел у акцыі. Ён выказаў меркаванне, што ўлады наўрад ці пойдуць на сілавы разгон акцы”.

На акцыю з'явіліся такія вядомы апазіцыйныя палітыкі, як Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька. Людзей сапраўды сабралася не шмат, калі сотні, але а 18-й гадзіне Статкевіч заклікаў рухацца ў бок МУС, каб пад вокнамі былога кабінета Захаранкі паставіць знічкі і пакласці кветкі.

Праходу людзей не перашкаджалі, правілаў дарожнага руху ніхто з удзельнікаў акцыі не парушаў. Але выканаць першую частку задуманага не атрымалася — зараз там стаіць самазвал і будаўнічая агароджа, таму да будынку падыйсці не атрымалася. Таму, не спыняючыся, яны пайшлі да ЦВК.

Мітынгоўцы спакойна праходзяць на Плошчу Незалежнасці, ускладаюць кветкі, ставяць знічкі на прыступкі Дома ўраду, ля ўваходу ў Палату прадстаўнікоў. Някляеў і Статкевіч па чарзе кажуць па невялікай прамове, узгадваюць рэферэндум 1996 года, Захаранку і Ганчара, абвяшчаюць хвіліну маўчання. У гэты момант да іх падыходзяць супрацоўнікі міліцыі, складаюць пратакол. "Мае дадзеныя ў вас ужо ёсць. Складайце. Але я падпісваць не буду", — кажа ім Статкевіч.

У выніку, пратаколы былі складзеныя і на шараговых удзельнікаў акцыі. Найперш тых, хто меў нацыянальную сімволіку. Статкевіч заклікаў усіх, на каго склалі пратаколы, каб выходзілі на яго праз Фэйсбук або ВК і пакідалі свае кантакты. "Мы нікога не кінем, дапаможам з адвакатам" ― сказаў арганізатар акцыі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі