Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікае тэрмінова правесці круглы стол
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіраўнік католікаў Беларусі, выступіў са адкрытым зваротам з нагоды складанай грамадска-палітычнай сітуацыі.
Па яго словах, за апошнія дні ў Беларусі склалася "нябачаная дагэтуль у нашай міралюбнай і памяркоўнай Бацькаўшчыне напружанасць", звязаная з выбарамі. Адбыліся сутычкі. "У выніку актыўнага супрацьстаяння ўжо, на жаль, пралілася першая кроў і ёсць пацярпелыя з абодвух бакоў. Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі брат падняў руку на брата", — канстатуе Кандрусевіч.
Паводле афіцыйных звестак, за два дні пратэстаў у Беларусі затрыманыя каля пяці тысяч чалавек па ўсёй краіне. Больш за 200 чалавек шпіталізаваныя з разнастайнымі траўмамі.
Кандрусевіч звярнуўся да абодвух бакоў канфлікту з заклікам спыніць насілле. "Няхай вашыя рукі, створаныя для мірнай працы і братэрскага прывітання, не падымаюць ні зброі, ані камення. Няхай замест аргументу сілы запануе заснаваная на дыялогу ў праўдзе і ўзаемнай любові сіла аргументу", — заклікае арцыбіскуп.
Ён згадвае, што ў даўнія часы складаныя пытанні вырашалі на вечы. "З улікам гэтага каштоўнага вопыту, дзеля хутчэйшага пераадолення крызісу ў грамадстве і спынення насілля прапаную неадкладна склікаць адмысловы круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны", — прапаноўвае Кандрусевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.