Арцём Мартыновіч. Чаму беларуская адукацыя зноў “наступіла” ў г...о

Арцём Мартыновіч. Чаму беларуская адукацыя зноў “наступіла” ў г...о

“Мы ў аўторак панясём у школу двайны камплект гаўна. Галоўнае — не пераблытаць, дзе чыё”, — Мінск, Беларусь, XXI стагоддзе, проста каментарый пад допісам у Фэйсбуку. У школы трапляе дакумент, згодна з якім, збор аналізаў калу ў вучняў на прадмет глістоў мусяць арганізаваць настаўнікі. Смешна, страшна, крыўдна.

Пасля чыноўнікі напішуць пра памылку ў чарговым распараджэнні і паабяцаюць зняць з педагогаў адказнасць, бо прачыталі пра праблему ў Фэйсбуку і СМІ. Пасля “ўскласці адказнасць”, “даручыць выкананне” і “правесці маніторынг” накіруюць у іншыя рукі і аналізам зоймуцца, напрыклад, школьныя медсёстры, а дзяцей да іх адвядуць… настаўнікі. Па факце, тое ж самае, але гучыць ужо па-іншаму. 

Але праблема не ў аналізе, не ў дакументах і подпісах пад імі. Я таксама хачу, каб дзеці ў школах былі здаровыя, жвавыя, жывыя…

Маладзечанскі раён, XXI стагоддзе, поле з бульбай. На полі пад коламі грузавіка гіне васьмікласніца Вікторыя Папчэня. Дзяўчынка аказалася “на бульбе” пасля распараджэння мясцовых чыноўнікаў адправіць на збор ураджаю у мясцовы калгас дзесяцікласнікаў. Дзесяцікласнікаў не знайшлося, таму паслалі васьмікласнікаў. Пасля былі праверкі, пазбаўленне прэмій, і ў выніку асудзілі на “хатнюю хімію” дзвюх настаўніц, якія суправаджалі дзяўчынку. Заплаканыя і спужаныя пасля абвяшчэння прысуду яны збеглі ад журналістаў і хутка з’ехалі па дамах. Складу злачынства ў распараджэннях чыноўнікаў не знайшлі. Яны далей працуюць на сваіх месцах і пішуць новыя. А дзве асуджаныя настаўніцы больш не змогуць працаваць у школе.

На тым судзе выявілася цікавая акалічнасць. У нас ёсць Міністэрства адукацыі, а ёсць раённыя аддзелы адукацыі. І нават калі міністэрства супраць збору бульбы ці аналізаў, раённыя аддзелы адукацыі ўсё адно шлюць свае даручэнні ў школы. А тыя адразу бяруцца іх выконваць, не раздумваючы, бо “раптам што”.

У 2014 годзе Міністэрства адукацыі ўпершыню паспрабавала скласці рэйтынг беларускіх школ, за аснову ўзялі сярэдні бал, які выпускнікі набралі на галоўным дзяржаўным экзамене — цэнтралізаваным тэставанні. Гэта была лепшая ініцыятыва чыноўнікаў за ўсе гады. Калі б гэты паказчык узяць за адзіны крытэрый плённай працы мясцовых чыноўнікаў ад адукацыі, мы б не мелі праблем ні з калам, ні з бульбай. Было б не да распараджэнняў і макулатурных гонак.

Міжнародны рэйтынг сярэдняй адукацыі PISA сёння ўзначальвае Сінгапур, за ёй — Ганконг і Канада. Лепшы вынік у Еўропе ў Эстоніі. Цікава, ці выконваюць школьнікі Эстоніі норму па зборы ўраджаю? А як у іх справы з аналізамі калу? А хто піша школам распараджэнні, а калі не піша, то як яны без іх жывуць?

Беларусь яшчэ ні разу не ўдзельнічала ў даследаванні PISA, але збіраецца ў 2018 годзе. Прапаную паказаць міжнародным экспертам не ўменні вучняў вырашаць нестандартныя задачы, а нормы выкананых падпісак на дзяржаўныя СМІ, паспяховыя акцыі па зборы макулатуры і аналізы.

А калі мы зоймем там слабыя пазіцыі і міжнародных экспертаў наш кал не задаволіць, то заўжды можна пакараць настаўнікаў. Мы ж сто разоў так рабілі.

Арцём Мартыновіч. Чаму беларуская адукацыя зноў “наступіла” ў г...о

 

Арцём Мартыновіч з 2011 года займаецца на Еўрарадыё тэмай адукацыі і ўсім, што з ёй звязана. Больш матэрыялаў аўтара тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі