“Сачылі, каб дзеці добра збіралі бульбу”: У Маладзечне судзяць настаўніц
Суд маладзечанскага раёна 4 ліпеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць маладзечанскіх настаўніц Вольгі Завадскай і Ірыны Апанасевіч. Іх вінавацяць у неналежным выкананні сваіх абавязкаў, што пацягнула смерць па неасцярожнасці. “На бульбе” яны суправаджалі васьмікласніцу Вікторыю Папчэню, якая трапіла пад колы грузавіка. Абедзве настаўніцы на волі, па-ранейшаму працуюць у школе. Ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Падчас суда настаўніцы цалкам прызналі сваю віну. Пра што казалі падчас судовага паседжання.
Як адбылася трагедыя
Ірына Апанасевіч, настаўніца фізікі, абвінавачаная: “Я працую з 1995 года настаўніцай фізікі, класны кіраўнік 10 класа. За дзень да трагедыі да мяне ў кабінет зайшоў завуч Дзяніс Курэц і паведаміў вусна, што назаўтра я абавязаная з дзецьмі свайго класа ехаць прыбіраць бульбу. Праз нейкі час спіс вучняў змяніўся, і з майго класа засталося толькі пяць чалавек, замест астатніх паехалі вучні 8-га класа. Назаўтра мы чакалі аўтобуса 1,5 гадзіны. Сказалі, трэба чакаць. Пасля мы прыехалі, нам далі дзве градкі, пасля працы дзецям дазволілі набраць па вядры бульбы. Калі яны набралі, мы вялікім натоўпам накіраваліся да аўтобуса. Па дарозе адбылася трагедыя”.
Як Вікторыя Папчэня трапіла на бульбу
Вольга Завадская, настаўніца французскай мовы, абвінавачаная: “Я пайшла працаваць у гэтую школу адразу пасля ВНУ ў 2006 годзе. “На бульбу” ездзіла толькі адзін раз, калі была маладой спецыялісткай яшчэ. На прыборцы бульбы мы сачылі, каб дзеці добра сябе паводзілі, не кідаліся бульбай, нармальна прыбіралі. З градак у той дзень дзеці вярталіся усе разам, з усіх школ, маленькімі групкамі”.
У чым віна настаўніц
Ірына Апанасевіч, настаўніца фізікі, абвінавачаная: “Недагледзела, не ўбачыла небяспеку, якая магла быць, не сабрала ўсіх дзяцей вакол сябе. Там было шумна, шуму матора грузавіка не было чутна. Калі вучылася ў школе, я ўвесь час ездзіла прыбіраць бульбу”.
Каго вінавацяць бацькі
Юлія Папчэня, маці загінулай школьніцы: “Настаўніцы вінаватыя, бо ім даверылі дзяцей, тым больш васьмікласнікаў. Але разам з імі вінаватыя чыноўнікі, вінаваты той завуч, які накіраваў дзяцей на поле”.
Чаму Вікторыя Папчэня паехала “на бульбу”
Юлія Папчэня, маці загінулай школьніцы: “Віка мне патэлефанавала, калі я была на працы, сказала, што заўтра едуць прыбіраць бульбу. Дачка вельмі туды хацела, нават аднакласніцу ўгаварыла паехаць з ёй. Я не ўбачыла ў гэтым нічога дрэннага”.
Алег Папчэня, бацька загінулай васьмікласніцы: “Віка была цалкам самастойная дзяўчынка ўжо з дзесяці гадоў. Сама ездзіла да бабулі на электрычцы, сама ездзіла на ровары па горадзе. У яе не было нейкіх сур’езных праблем са здароўем, на момант паездкі яна не хварэла”.
За смерць 13-ці гадовай Вікторыі Папчэні падчас прыборкі бульбы ўжо асудзілі на тры гады “хіміі” кіроўцу, які наехаў на яе. Дырэктару школы далі вымову. Па падліках Еўрарадыё, падчас адпраўкі 13 гадовай школьніцы “на бульбу” чыноўнікі і кіраўніцтва школы парушылі шэсць законаў.