Пракурор папрасіла для дзвюх настаўніц з Маладзечна па 2 гады абмежавання волі
Пракурор просіць прызнаць настаўнікаў сярэдняй школы №11 горада Маладзечна вінаватымі ў неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць школьніцы на ўборцы бульбы. На думку дзяржаўнай абвінаваўцы, Ірыну Апанасевіч і Вольгу Завадзкую трэба пакараць двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд будзе абвешчаны ў сераду, 12 ліпеня, піша TUT.by.
Таксама пракурор Вікторыя Паляшчук просіць суд прызначыць кожнай з настаўніц штраф у памеры 100 базавых велічыняў (2300 рублёў) і забараніць напрацягу двух гадоў займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем бяспекі дзяцей.
Бок абвінавачвання пагадзіўся з тым, што чыноўнікі і кіраўніцтва школы мелі права адправіць дзяцей збіраць бульбу, і што гэта адбывалася ў межах адукацыйнага працэсу, бо ў школьным плане значылася акцыя "Дапамажы сабраць ураджай". Але педагогі, адказныя за жыццё і здароўе дзяцей, не забяспечылі належнага суправаджэння дзяцей да аўтобуса пасля заканчэння работ і не былі побач з 13-гадовай Вікторыяй Папчэня. Таму і не бачылі моманту наезду.
Раней абвінавачаныя — 32-гадовая настаўніца французскай мовы Вольга Завадская і 44-гадовая Ірына Апанасевіч, настаўніца фізікі, — прызналі сваю віну цалкам.
У сваім выступе адвакат Ірыны Апанасевіч Вольга Кучынская нагадала пра парушэнні з боку чыноўнікаў і кіраўніцтва школы. У прыватнасці, пра тое, што "школа паспяшалася выконваць указанні", і для паездкі ў поле дзяцей знялі з урокаў, хоць так рабіць нельга. Ды і сам аддзел адукацыі адправіў аўтобус за школьнікамі ў навучальныя гадзіны.
Адвакаты таксама падкрэслілі: высветлена, што падчас наезда ў дзяўчынкі ў вушах была вата — з-за праблем з правым вухам. Настаўніцы пра гэта не ведалі.
Таксама бок абароны мяркуе, што паездку ў поле нельга лічыць адукацыйным працэсам. Тым больш, што і ў судзе "меркаванні прадстаўнікоў сферы адукацыі раздзяліліся". Нават для выхаваўчых мэтаў школьнікаў можна прыцягваць да працы толькі па-за ўрокамі, па загадзя прапісанай у школьным плане праграме. А ў плане СШ №11 была толькі назва акцыі — і ўсё.
Бацькі загінулай дзяўчынкі, Юлія і Алег Папчэня, прасілі суд не пазбаўляць настаўніц працы.