У Маладзечне за гібель школьніцы “на бульбе” асудзілі яе настаўніц
У Маладзечне за гібель “на бульбе” школьніцы асудзілі дзвюх настаўніц. Прысуд быў агучаны ў сераду. 44-гадовую Ірыну Апанасевіч (настаўніцу фізікі) і 32-гадовую Вольгу Завадскую (настаўніцу французскай мовы) прызналі вінаватымі ў неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць 13-гадовай Вікторыі Папчэні. Пракурор папрасіла пакараць іх двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Не пазбаўляць волі настаўніц прасілі бацькі загінулай Вікі Папчэні. Апанасевіч і Завадская цалкам прызналі сваю віну. Яны атрымалі па 2 гады абмежавання волі. На два гады Ірыне Апанасевіч і Вользе Завадскай забаранілі займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем бяспекі дзяцей. Верагодна, яны ўжо не змогуць уладкавацца на працу ў школу.
Таксама настаўніцы мусяць заплаціць штраф — па 2300 рублёў. Суд пастанавіў, што мясцовы аддзел адукацыі мусіць ліквідаваць прычыны, па якіх магла б адбыцца падобная трагедыя. Настаўніцы ад каментароў адмовіліся і збеглі з суда.
Як паведамляла Еўрарадыё, трагедыя здарылася 29 верасня мінулага года ў Маладзечанскім раёне. Група школьнікаў з настаўніцамі паехалі “на бульбу” паводле вуснага распараджэння. На полі на школьніцу наехаў грузавік, яна памерла на месцы ад атрыманых траўмаў. Кіроўца быў асуджаны на тры гады “хіміі”.