Прысуд настаўніцам загінулай на бульбе школьніцы набыў моц

Прысуд настаўніцам загінулай на бульбе школьніцы набыў моц

Набыў моц прысуд настаўніцам з Маладзечна, чыя вучаніца загінула летась на ўборцы бульбы. 45-гадовую настаўніцу фізікі і 33-гадовую настаўніцу замежнай мовы асудзілі на 2 гады так званай “хатняй хіміі” — абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд таксама аштрафаваў іх на 100 базавых велічынь (2300 рублёў) і забараніў 2 гады займаць пасады, звязаныя з арганізацыяй бяспекі жыцьця і здароўя непаўналетніх. Настаўніц асудзілі за неналежнае выкананне службовых абавязкаў, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

Жанчыны не сталі аспрэчваць вынесены прысуд і такім чынам ён пачаў дзейнічаць.

Летась 29 верасня падчас школьнага выезду на ўборку бульбы 13-гадовая школьніца з Маладзечна Вікторыя Папчэня трапіла пад грузавік і загінула.

22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна, які ўчыніў наезд, суд прызнаў вінаватым у смерці дзяўчынкі і асудзіў на 3 гады абмежавання волі.

Бацькі загінулай прасілі суд прызнаць працоўныя адносіны паміж школьніцай і СВК “Усход-Агра”, на полі якога дзеці збіралі ўраджай. У гэтым выпадку прадпрыемства можна было б прыцягнуць да адказнасці за парушэнне аховы працы. Аднак суд адхіліў гэты пазоў. Пракурор раёна падаў пратэст у Мінскі абласны суд, але пратэст быў адхілены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі