Арганізатары дамоўных футбольных матчаў былі звязаныя з крыміналам

Арганізатары дамоўных футбольных матчаў былі звязаныя з крыміналам

Беларускія арганізатары дамоўных футбольных матчаў у першай і вышэйшай лігах чэмпіянату, а таксама Кубку нашай краіны былі звязаныя з мясцовымі так званымі крымінальнымі аўтарытэтамі. Пра гэта заявіў у праграме "ЧП.by" на тэлеканале "НТВ-Беларусь", якую паказалі ўвечары 24 студзеня, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Сяргей Ванагель.

"У поле нашага зроку трапілі людзі, якія з'яўляліся арганізатарамі матчаў выключна ў Беларусі. Гэта былыя спартсмены, якія мелі сувязі з прадстаўнікамі футбольнага свету Украіны, прымалі іх у Беларусі, шукалі сувязі з канкрэтнымі футбольнымі камандамі і пасля арганізоўвалі дамоўныя матчы", — цытуе словы прадстаўніка МУС БелаПАН.

Паводле яго слоў, асаблівую занепакоенасць выклікала тое, што арганізатары дамоўных матчаў сталі звязвацца з крымінальнымі аўтарытэтамі. "Задакументаваныя факты ўдзелу беларускіх крымінальных аўтарытэтаў ў вырашэнні пытанняў, якія ўзнікалі ў беларускіх арганізатараў з замоўцамі з Украіны. А ў далейшым гэтыя крымінальныя аўтарытэты не толькі атрымлівалі грошы за ўдзел у "разборках", але і ўкладвалі свае крымінальныя сродкі ў стаўкі ў букмекерскіх канторах і ў тыя грошы, якія выкарыстоўваліся для подкупу гульцоў", — паведаміў Ванагель.

Велічыня ставак залежала ад катэгорыі матча. На матч першай лігі — ад 1000 да 4000 долараў, вышэйшай лігі і Кубка краіны — ад 10000 да 18000 долараў. Асноўныя стаўкі рабіліся ў азіяцкіх і еўрапейскіх букмекерскіх канторах.

Расследаванне крымінальнай справы аб перадачы грошай гульцам каманд за забеспячэнне неабходнага выніку ў шэрагу матчаў нядаўна скончанае ў цэнтральным апараце Следчага камітэта. Згодна са звесткамі следства, грамадзяне Украіны і Расіі перадавалі, у тым ліку праз пасрэднікаў, грошы футбалістам каманд беларускага чэмпіянату, якія павінны былі паўплываць на вынік. У далейшым ставіліся буйныя сумы ў замежных букмекерскіх канторах на зыход матча з мэтай атрымання даходу.

Калі раней згадваліся матчы "Баранавічы" — "Ашмяны" (5 чэрвеня 2016 года), "Прамень" — "Гомельчыгункатранс" (25 чэрвеня 2016 года), "Прамень" — "Ашмяны" (2 ліпеня 2016 года), "Іслач" — "Дынама-Брэст" (30 красавіка 2016 года), дык нядаўна стала вядома пра паядынак Кубка Беларусі з удзелам ФК "Граніт".

Зараз фігуранты знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Пасля завяршэння гэтай працэдуры плануецца перадача пракурору для накіравання ў суд справы па абвінавачанні 15 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі