Арганізатары Дня Волі: У наступным годзе паспрабуем нешта змяніць
Еўрарадыё паразмаўляла з палітыкамі пра партрэты Шухевіча і Бандэры на мітынгу, новыя фарматы мерапрыемства і агульныя ўражанні ад шэсця.
На думку арганізатараў, шэсце на “Дзень Волі” 25 сакавіка прайшло вельмі ўдала, асабліва калі параўноўваць з папярэднімі гадамі.
“Самае галоўнае — сама атмасфера акцыі, — каментуе намеснік старшыні “Партыі БНФ” Рыгор Кастусёў. — Я заўважыў у прысутных аптымізм і пэўны ўздым, якія гавораць пра тое, што вера ў перамогу дэмакратыі ў Беларусі прысутнічае. А таксама хачу адзначыць, што 70%, а можа і 80% прысутных была моладзь ва ўзросце дзесьці да 30 гадоў. Мяне гэты факт вельмі радуе”.
Паўдзельнічаць у шэсці і мітынгу сабралася каля 3000 чалавек, што палітыкі лічаць поспехам. Маўляў, людзі не проста прыйшлі адбыць, адзначыцца, а менавіта выказаць сваю пазіцыю, у тым ліку, і па ўкраінскім пытанні. Дарэчы, украінскіх сцягоў было не нашмат менш, чым бел-чырвона-белых, а воклічы “Слава Украіне — Героям слава!” гучалі хіба не часцей, чым “Жыве Беларусь!”.
“Безумоўна, украінская тэматыка крыху захінула сабой галоўную падзею, — разважае старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас. — Але гэта можна патлумачыць, бо гэта найбольш актуальная тэма цяпер. Да таго ж, украінскія праблемы пераклікаюцца з нашымі праблемамі, таму не ўзгадваць пра іх было таксама немагчыма. А тое, што ім аддавалася так шмат часу… думаю, ужо залежыць ад людзей”.
Разам з партрэтамі беларускіх дзеячаў у натоўпе з’явіліся партрэты ўкраінцаў — Сцяпана Бандэры ды Рамана Шухевіча, што выклікала незадаволенасць і здзіўленне ў некаторых прысутных. Уладзімір Колас, напрыклад, не ўхваляе “спекуляванне такімі асобамі ды давядзенне сітуацыі да радыкальных ступеняў”. Рыгор Кастусёў паважае стаўленне заходніх украінцаў да гэтых гістарычных асобаў, але характарызаваць іх не бярэцца. Ва ўсялякім выпадку, пакуль не будуць адкрытыя архівы і мы не даведаемся пра іх сапраўдную дзейнасць.
“Арганізатарам вельмі цяжка адсочваць змест інфармацыйных банэраў, якія прыносяць удзельнікі, — выказвае агульную думку намеснік старшыні “Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. — Карыстацца масавым мерапрыемствам, каб даносіць свае погляды, могуць абсалютна розныя арганізацыі. У дадзеным выпадку я лічу, што нейкую ацэнку мусілі выказаць удзельнікі мерапрыемства. Але з боку шараговых удзельнікаў ніякіх пярэчанняў. А арганізатары на падобных мерапрыемствах сочаць і робяць заўвагі, каб не было нічога, што забаронена дзейсным заканадаўствам”.
На пляцоўку парка “Дружбы народаў”, дзе мусіў адбыцца мітынг, калона пачала заходзіць у прыцемках, бліжэй да 20-й гадзіны. Акурат у гэты час скончыўся афіцыйны дазвол на правядзенне мітынгу. Як высветлілася, паводле заканадаўства ў будні дзень публічныя акцыі можна праводзіць толькі да 20:00, а збірацца раней за 18-ю сэнсу няма, бо людзі працуюць і не збяруцца.
На думку Рыгора Кастусёва, замяняць традыцыйнае шэсце канцэртам ці чым іншым — не варта! Гэта адзіная сапраўды масавая і рэзанансная форма вулічнай акцыі. Да таго ж, арганізаваць канцэрт не атрымаецца, бо ўсе мінулыя спробы скончыліся “захопам” гукаўзмацняльнай апаратуры. Што праўда, апошні раз гэта адбылося 3 гады таму.
“Безумоўна, трэба думаць пра іншыя фарматы, — разважае Уладзімір Колас. — Гэта маглі б быць і народныя гулянні, і проста запрашаць людзей ісці ў розныя месцы, якія яны самі выберуць. Месцы можна называць, напрыклад, Акадэмічны тэатр, дзе і была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гучалі такія прапановы і падчас абмеркавання гэтай акцыі, але, на вялікі жаль, яны не знайшлі падтрымкі большасці арганізатараў. Будзем спрабаваць нешта змяніць на наступны год”.
Але пакуль наўрад ці ўлады дазволяць зрабіць нешта большае, чым звычайнае шэсце і мітынг. А адмаўляцца ад магчымасці адкрыта масава выказаць сваю думку не варта. Адсвяткаваць жа можна з сябрамі ў кавярні ці дома, пасля наведвання мітынгу.