У ЦВК падалі дакументы аб рэгістрацыі яшчэ двух ініцыятыўных груп
Аляксандр Хіжняк у ЦВК
У ЦВК Беларусі падалі дакументы аб рэгістрацыі яшчэ двух ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты. Спачатку прыйшоў кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч (ён раней анансаваў свой удзел), пасля — старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, дэпутат Мінгарсавета Аляксандр Хіжняк. Абедзве партыі прарэжымныя, апазіцыйныя партыі ў РБ ліквідаваныя.
На сённяшні дзень зарэгістраваная толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК не зарэгістраваў групы Аляксандра Драздова (не падаў спіс удзельнікаў групы) і Юрыя Губарэвіча (палітуцякач даслаў дакументы электроннай поштай, а дзейны закон не дазваляе падаваць заяву такім чынам).
Ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2025 трэба зарэгістраваць да 1 лістапада. Магчыма, знойдуцца яшчэ ахвочыя (напрыклад, нібыта планавала Ганна Канапацкая). 7 лістапада — пачатак збору подпісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.