Арнольд Шварцэнэгер і Элтан Джон павіншуюць ансамбль “Песняры” з 45-годдзем
Адбудзецца гэта падчас святочнага канцэрта пры ўдзеле Леаніда Барткевіча, Анатоля Кашапарава і шэрагу расійскіх зорак эстрады.
10 красавіка ў КЗ “Мінск” адбудзецца зорны канцэрт, прысвечаны 45-годдзю ансамбля “Песняры”. Першапачаткова планавалася, што асноўнымі героямі вечара стануць прадстаўнікі “залатога складу” гурта Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў, якія адмыслова да падзеі вернуцца са Злучаных Штатаў, дзе жывуць апошнія гады. Але знакамітыя музыкі вырашылі зрабіць сюрпрыз беларускаму гледачу і запрасілі ў Мінск сваіх сяброў Алу Пугачову, Лаліту, Іосіфа Кабзона ды беларускага спевака амерыканскага паходжання Данчыка.
“Мы самі здзівіліся, з якой лёгкасцю расійскія зоркі пагадзіліся выступіць на дні нараджэння “Песняроў”, — каментуе Леанід Барткевіч, які падчас канцэрта будзе святкаваць яшчэ і сваё 65-годдзе. — Але яшчэ больш нас шакавала папярэдняя згода на ўдзел Элтана Джона і Арнольда Шварцэнэгера, якіх мы запрашалі так бы мовіць “на шару”. Бо яны неаднойчы прызнаваліся ў любові да творчасці гурта”.
Ці прыедуць у Мінск знакамітыя акцёр і спявак, пакуль дакладна не вядома: цяпер вырашаецца пытанне з візамі. Цікава, што ўсе музыкі пагадзіліся выступіць бясплатна, а прадстаўнікі далёкага замежжа нават прыехаць за ўласныя грошы. Шварцэнегер і Джон маюць распавесці пра свае ўражанні ад наведвання канцэртаў “Песняроў” падчас “амерыканскіх гастроляў” у 1976 годзе. А сэр Элтан паабяцаў развучыць сваю любімую песню “Александрына” і заспяваць яе на беларускай мове разам з Аляксандрам Барткевічам.