Арыштаваны ў ЗША беларус прызнаў віну ў абыходзе санкцый
Сяргей Карпушкін / калаж Еўрарадыё
Арыштаваны ў ЗША грамадзянін Беларусі Сяргей Карпушкін прызнаў віну ў абыходзе санкцый, уведзеных супраць Расіі. Гэта федэральнае злачынства, Карпушкіну пагражала да 20 гадоў турэмнага зняволення. У выніку бізнесмен пайшоў на здзелку са следствам. З паказанняў беларуса вынікае, што ён удзельнічаў у схеме па набыцці металу на 140 мільёнаў долараў у кампаній бізнесмена Сяргея Курчанкі, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. У рамках пагаднення Карпушкін павінен кампенсаваць $4,7 млн даходу, атрыманага ад згаданай схемы.
Сяргей Карпушкін у 2000-я жыў у Жлобіне і працаваў на БМЗ. Кампанія Commodity General Trading USA, LLC (Cogentra), якую ён прадстаўляў апошнім часам, — афіцыйны дылер БМЗ у Паўночнай Амерыцы. Як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ ў лістападзе 2022 года Cogentra пазначалася ў дакументах як пакупнік прадукцыі жлобінскага прадпрыемства.
Пра арышт Карпушкіна ў ЗША стала вядома ў красавіку сёлета. Высветлілася, што ён дапамагаў абыходзіць амерыканскія санкцыі на працягу трох гадоў. Па гэтай справе быў арыштаваны і амерыканскі саўдзельнік беларуса Джон Унсалан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.