Асуджаных адправяць на дапамогу вяскоўцам — збіраць ураджай
Сельскагаспадарчыя работы, ілюстрацыйнае фота
Асуджаных беларусаў адправяць у палі дапамагаць вяскоўцам збіраць ураджай. Пра гэта заявіў кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў на нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме, перадае прэс-служба МУС.
З адпаведнай просьбай да міністра звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кубракоў вырашыў выслаць на падмогу тых, хто адбывае "хімію" і знаходзіцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Адпаведныя работы будуць весціся ў Лельчыцкім, Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах. Асуджаныя будуць працаваць па восем гадзін у дзень. Іх абяцаюць забяспечыць жыллём і ежай, а таксама плаціць ім "годны заробак".
Акрамя таго, дапамогу ва ўборцы ўраджаю акажуць і супрацоўнікі міліцыі. Іх адправяць працаваць у Добрушскі раён з 1 жніўня.
Як паведамлялася раней, каля 500 асуджаных і пацыентаў ЛПП на Гомельшчыне прыцягнулі да ліквідацыі наступстваў урагану. Верагодна, кіраўніку Гомельшчыны спадабася такая працоўная сіла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.