Аўчарка Найда катаецца "зайцам" па Гродне

Аўчарку-"бесквіточніцу" ловяць у грамадскім транспарце Гродна / autogrodno.by
Па ўсім Гродне на грамадскім транспарце раз'язджае аўчарка-"бесквіточніца", якую шукаюць гаспадары.
Нямецкая аўчарка па мянушцы Найда збегла з дому. Цяпер яна пастаянна перасаджваецца з аднаго тралейбуса ў іншы, забягае ў аўтобусы і ездзіць па ўсім горадзе, піша autogrodno.by.
Гаспадыня сабакі Кацярына кажа, што яны жывуць у прыватным сектары на вуліцы Янкі Купалы. Дзеці забыліся ўвечары зачыніць брамку — і жывёла ўцякла. "Я адразу ж размясціла аб'явы аб пошуку ў розных чатах "Потеряшек", і мне сталі паступаць паведамленні ад розных людзей пра тое, што наш сабака катаецца на грамадскім транспарце", — расказвае Кацярына.
Жанчына дадае, што з гаспадарамі сабака ездзіў толькі ў аўтамабілі. Але некалькі гадоў таму Найда таксама збегла з падворка і заскочыла ў аўтобус. Праўда, тым разам яе хутка знайшлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.