Аўтар герба “Пагоня”: Хачу, каб скончыўся амаральны сцёб са святыні

Аўтар сучаснага варыянта герба “Пагоня” падае ў суд на цэлы шэраг актывістаў, журналістаў ды літаратараў. Пры гэтым Уладзімір Крукоўскі не збіраецца патрабаваць фінансавай кампенсацыі за выкарыстанне распрацаванага ім варыянта герба. Мастак жадае проста звярнуць увагу на праблему знявагі і дызайнерскіх сцёбаў, якіх нельга рабіць са святыняй.

“20 гадоў ніхто не займаўся гэтай гнюснай справай — дэсакралізацыяй нацыянальнага сімвала, — каментуе рашэнне Уладзімір Крукоўскі. — Не здзекаваўся, не рабіў карыкатур на гэтую тэму… Хаця друкавалі на розных падпольных выданнях, значкі, налепкі, майкі — мільёны разоў. І я быў толькі рады, што “Пагоня” жыве, што яна камусьці патрэбная і г.д. І толькі ў апошні год пачаўся вось гэты так званы моладзевы сцёб”.

Апошняй кропляй для стваральніка сучаснай выявы “Пагоні” стала фота ў падтрымку Насты Шпакоўскай. На ёй стаяць аголеныя лідар Naka і малады паэт Алесь Плотка, які “прыкрываецца выявай беларускай святыні, якой ужо больш за сем стагоддзяў”, — адзначае Уладзімір Крукоўскі.

“Учора гэта быў храм, а сёння канюшня, ці склад для гнілой бульбы, ці бардэль. Будынак жа той самы, з цікавымі скляпеннямі, прыгожа аформлены, але ў ім бардэль. І што вы мне скажаце, што гэта нармальна?! Маўляў, будынак жа той самы, яго ж не краналі, мы ж яго не разбурылі!” — праводзіць паралель з сімвалам “Пагоні” аўтар яе выявы. — Я хачу, каб гэты ідыёцкі, амаральны, бессэнсоўны і нічым не вытлумачаны сцёб над святыняй скончыўся”.

У спісе Уладзіміра Крукоўскага паэт Алесь Плотка, гандляр кнігамі Алесь Мазанік, Аляксей Кульбіцкі, арт-студыя Pras, “Арт Сядзіба”, крама symbal.by, рэдакцыя Радыё Свабода і іншыя.

“Гэтае пакаленне моладзі я называю “дзеці Лукашэнкі, — працягвае Уладзімір Крукоўскі. — Гэта самае вялікае злачынства рэжыму Лукашэнкі, што ён за 20 гадоў выхаваў вось такое пакаленне, якое нічога ў гэтым не бачыць, бо гэта ж проста сцёб! Вось, напрыклад, адзін паэцік выдаў кніжачку паэзіі, ці які ёсць вершык. У гэтым вершыку Ісус Хрыстос вісіць на крыжы і сікае. Гэта сцёб ці ўсё ж ужо па-за межамі разумнага, маральнага, чалавечага? Што ж з вамі робіцца, хлопцы і дзяўчаты?!”

Якога пакарання будзе патрабаваць Уладзімір Крукоўскі ў судзе, пакуль невядома. Стваральнік сучаснай “Пагоні” плануе вырашыць пытанне пасля кансультацыі з суддзёй. Цяпер дызайнер збірае ўсе дакументы і плануе пісаць заяву на наступным тыдні.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі