Аўтарку лозунга "Стоп таракан" завочна асудзілі, а потым амніставалі

Людміла Барэйка 

Людміла Барэйка  / vkurier.by

Віцебскі абласны суд "вызваліў" пенсіянерку з Глыбокага Людмілу Барэйку па амністыі і зняў з яе судзімасць. Рашэнне было прынятае 9 кастрычніка, пра гэта стала вядома віцебскім праваабаронцам.  Як вынікае з рашэння абласнога суда, жанчыну амніставалі "ў сувязі з Днём народнага адзінства". Раней у траўні суд Глыбоцкага раёна завочна прыгаварыў яе да двух гадоў пазбаўлення волі па артыкуле "Паклёп".

Людміла Барэйка вядомая тым, што ў сакавіку 2020 года дала інтэрв'ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму. У размове з ім яна ўспомніла казку Карнея Чукоўскага "Таракан". Гэтае інтэрв'ю на канале "Краіна для жыцця" паглядзелі амаль 1,6 мільёна чалавек, а фраза "Стоп, таракан!" стала лозунгам палітычнай кампаніі Ціханоўскага. Тады ж у 2020 годзе жанчыну абвінавацілі ў "пікетаванні" і аштрафавалі.

Пад пагрозай крымінальнага пераследу жанчына была вымушаная пакінуць Беларусь. У сакавіку 2024-га супраць яе адкрылі спецвытворчасць. У траўні Барэйку ўключылі ў спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да "экстрэмісцкай дзейнасці". У траўні вынеслі прысуд, а ў кастрычніку — амніставалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі