Аварыя: Расія страціла самы магутны расійскі спадарожнік сувязі (відэа)
"Экспрэс-АМ4Р" не быў выведзены на арбіту праз аварыю з ракетай-носьбітам "Пратон-М", якая стартавала ў ноч на пятніцу з касмадрома Байканур.
Надзвычайнае здарэнне адбылося на 540-й секундзе палёту. Трэцяя ступень ракеты не дапрацавала каля 40 секундаў да запланаванага аддзялення разгоннага блока "Брыз-М". Раён падзення аскепкаў ракеты дагэтуль дакладна невядомы. Найхутчэй "Пратон" зваліўся за межамі Казахстана (гэта можа быць і Алтай, і акваторыя Ціхага акіяна), дадзеных пра ахвяры і разбурэнні пакуль няма. Спецыялісты спадзяюцца, што атрутны гептыл, які ўтрымліваецца ў ракетным паліве, згарэў у верхніх слаях атмасферы, інфармуе РІА "Новости".
Расійскі спадарожнік сувязі быў створаны еўрапейскай кампаніяй EADS Astrium на замову Расіі. "Экспрэс-АМ4Р" з'яўляецца трэцім касмічным апаратам гэтай серыі, запушчаным сёлета.
Для высвятлення прычын аварыі створаць спецыяльную камісію.
Фота — Роскосмос